Наверх

Ішкалдскі касцёл

12.09.2014 549 Наш край

На працягу шматгадовай гісторыі нашай краіны на яе тэрыторыі мірна жылі, узаемаўзбагачаліся прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, розных культур і веравызнанняў. Гэта моцна паўплывала на фарміраванне такой унікальнай з’явы, характэрнай для Беларусі, якой з’яўляецца талерантнасць і верацярпімасць, што безумоўна служыць яскравым сведчаннем мудрасці беларускага народа.

Што? Троіцкі касцёл.

Дзе? У вёсцы Ішкалдзь нашага раёна.

Чым прывабіць? У гэтага храма старажытная гісторыя. Ішкалдскі Троіцкі касцёл бадай што адзіны ўцалелы на Беларусі помнік архітэктурнай готыкі, які, нягледзячы на шматлікія пераробкі, амаль поўнасцю захаваўся ў першапачатковым выглядзе. А пабудаваны ён у 1471-1472 гадах з цэглы на фундацыі ўладальніка маёнтка ў Ішкалдзі, прадстаўніка старажытнага дваранскага роду Мікалая Іванавіча Неміровіча.

Як і па ўсёй Беларусі будаўніцтва мураванага храма абарончага тыпу акрамя сакральных мэт выклікана пастаяннай небяспекай набегаў крымскіх татар, якія ў 1500 годзе, як сведчыць «Хроніка Быхаўца», не абмінулі і «Іскольты».

На гістарычным лёсе храма ў поўнай меры адбіўся складаны лёс хрысціянства на Беларусі. Быў ён каталіцкім, пабываў у руках рэфарматаў (пратэстантаў), ператварыўшых касцёл у кальвінскі збор, ператвараўся і ў Свята-Троіцкую царкву, а з пачатку ХХ стагоддзя зноў з’яўляецца касцёлам. У савецкі час ён доўга не дзейнічаў, у 1970-я гады  быў вернуты вернікам і рэстаўрыраваны.

Касцёл не мае багатага скульптурнага афармлення, узвышанай вертыкальнай кампазіцыі, што характэрна для гатычнай архітэктуры Заходняй Еўропы. Таму яго архітэктурную кампазіцыю лічаць своеасаблівай інтэрпрэтацыяй сярэднееўрапейскіх гатычных формаў.

Троіцкі касцёл з’яўляецца помнікам рэспубліканскага значэння і ахоўваецца дзяржавай.



  • Мы в социальных сетях: