Наверх

…I такая вось вайна

06.07.2012 446 Наш край

Усяго на пару дзён, з 6-га па 8-е ліпеня 1944, затрымалася лінія фронту ў раёне вёсак Таршычы, Судары, Загор’е і Сачыўкі.

Немцы адступалі. Ужо з 24–25 чэрвеня па гасцінцы Мір-Баранавічы–Слонім пайшлі на захад іх калоны. Спачатку конныя абозы, пасля аўтамашыны, некалькі танкавых калон. 6-га ліпеня адно са злучэнняў спынілася ў Загор’і. Вёску напоўнілі пехацінцы, у асноўным аўтаматчыкі, пад’ехалі танкі – каля 16-ці «тыграў». Каб іх замаскіраваць, павалілі яблыні, салдаты паспрабавалі акопвацца. Але на досвітку 7-га раніцай усе пайшлі, засталіся толькі немцы пры адной павозцы. Аказалася – сапёры, мініравалі масты. Гадзін да дзесяці падклалі тол пад усе чатыры масты праз Шчару – ля Таршыч, Дуброўны, Загор’я і Сачывак – і ўзарвалі іх разам, а потым ля Загор’я паявілася яшчэ пяхота і пайшла да кайзераўскіх траншэяў, яшчэ з Першай сусветнай, некалькі ліній іх цягнулася ў раёне Святога Поля каля могілак. У 1917-м адсюль немцы абстрэльвалі адразу некалькі дарог.

Я са стрыечным братам і пяць мужыкоў з нашай вёскі – Мікалай Ліцкі, Спірдон Шабан, Сідар Серада, Сяргей Клянацкі і Грыша Гайдук – сцераглі схаваны ў кустоўі ля балота ў Зароўі вясковы статак. А так усе пазаставаліся па хатах, у кожнага на агародзе было сховішча. І вось у 10.30 пачаўся масіраваны артабстрэл. Савецкая артылерыя гваздзіла проста па вёсцы – снарадамі былі пашкоджаны ўсе хаты: проста навылёт папрашывала. Добра яшчэ, што нідзе не загарэлася, толькі ў Кляпацкага Мірона заняўся быў дах, але якраз міма ішоў Казейчык Аляксандр – і што яго пад абстрэлам гнала? – дык ён ускочыў на страху і збіў полымя.

Мы трохі збоку былі і бачылі, што ніводзін снарад да нямецкіх траншэй не даляцеў. Шкадавалі.

Прыкладна ў дванаццаць пачалося наступленне савецкіх войск. Танкі, мо, на пераправе заселі, а пяхота пайшла праз агароды да нямецкіх пазіцый. Але атаку перарвала нямецкая артылерыя, якая паклала некалькі залпаў якраз па першай лініі наступаючых. Там было многа параненых і некалькі забітых.

Нашы адышліся на 200-250 метраў і пачалі акопвацца. Стала ціха, і я з братам Федзяю падняліся з раўка, каб паглядзець, што робіцца на полі. Немцы нас заўважылі і замахалі рукамі, загадваючы ісці да сябе. Мы пайшлі, а на нас навешалі 18 фляг – нямецкія, яны на рамянях былі – і паслалі па ваду да Шчары. Мы прынеслі, і нас адпусцілі: «Вэк, вэк нах хаўз», – і рукой махнулі, я гэта добра запомніў.

Мы толькі адышлі метраў на сорак, як знянацку наляцелі самалёты. Чатыры нямецкія і два савецкія, адразу завязаўся над намі паветраны бой. Мы на зямлю апусціліся, а самалёты, як пчолы, адзін ля аднаго кружаць. Ніхто нікога так і не збіў, і паляцелі немцы на захад, а рускія на ўсход. А мы вырашылі пайсці ў вёску, і ўжо на падыходах нас заўважылі савецкія салдаты і таксама пачалі клікаць да сябе: «Пацаны, идите сюда!» Мы разгубіліся: ісці – не ісці, бо ў акупацыю нямецкія брашуры давалі карыкатуры, дзе рускія салдаты-каўказцы елі дзяцей. Дык было разгубіліся, але пайшлі, і есці нас ніхто не стаў, а пасадзілі ў свае ячэйкі і пачалі распытваць: колькі там немцаў, ці ёсць кулямёты?

Мы гэта ўсё ім расказалі: і што на горцы каля 20–25 немцаў, і што два кулямёты ёсць (паказалі нават, дзе прыкладна стаяць). І салдаты нас адправілі, параілі схавацца, бо хутка павінна пачацца атака і мы можам бязглузда прапасці. Мы пайшлі, але разгубіліся, і падаліся не ў тыл да савецкіх, а зноў да немцаў, у нейтральную зону, у свой равок.

I ўжо толькі вечарам 7 ліпеня, з цемнатою, зноў пачаўся бой. Ён цягнуўся гадзіны дзве, а потым, прыкладна ў гадзіну ночы, немцы трасерамі запалілі вёскі Загор’е, Таршычы і Судары, а самі адышлі без страт.

У нашых вечарам таксама ніхто не загінуў, было 5–6 чалавек параненых. Мяне таксама зачапіла шальная куля, па ўсім нямецкая, яна прабіла пінжачок і прайшлася па левым баку, неглыбока і небалюча. Рускі санітар перавязаў мяне і запэўніў, што нічога страшнага не будзе, рана «незначительная».

8 ліпеня ў восем раніцы мы вярнуліся дадому.

У вёсцы было поўна савецкіх пехацінцаў, а гадзін у дзесяць прывялі сюды і немцаў (перахапілі іх на світанку каля вёскі Новы Свет), я пазнаў нават тых, хто адпраўляў нас па ваду. Яны сядзелі проста пасярод вёскі на кукішках, а надвор’е было вельмі спякотнае.

Пры гэтым баі загінуў наш аднавяскоўца Баўкала Іван, яго параніла ў жывот. У Таршычах доктар зрабіў яму аперацыю, але гэта не дапамагло. I  яшчэ з тых, што хадзілі ў атаку ноччу, ранены ў жывот быў адзін баец, украінец, дык стагнаў ён страшна. А тры танкі «Т-34» каля Таршыч немцы падбілі, адзін дык з усім экіпажам згарэў – і некалькі дзён іх адтуль не вымалі. I вёскі пагарэлі: Таршычы – усе, толькі дзве хаты засталося, Загор’е – што да гары, і Судары па цэнтры.



  • Мы в социальных сетях: