Наверх

Дзівосны валун

08.06.2013 547 Наш край

Кожная беларуская вёска, сяло ці мясціна маюць сваю ўнікальную гісторыю, свае помнікі культуры. І часам гэтыя помнікі маюць містычны характар.

Паміж вёскамі Падгорная і Добры Бор знаходзіцца ўрочышча Маргач. Дзіўны лес, прыгожыя мясціны, але ёсць тут адна рэч, якая асабліва прываблівае людзей, – гэта валун. Самы сапраўдны, магутны валун, які ў шырыню дасягае 150 сантыметраў, у даўжыню –180, у вышыню – 80. Але ніхто і не ўяўляе, якая яго частка яшчэ схавана пад зямлёй. На першы погляд – валун ды валун. Але на ім ёсць няроўнасць падобная на чалавечы след 60 памеру. Нашыя продкі такую з’яву не маглі пакінуць без увагі, вось і перадалі нам некалькі легенд.

Аднойчы па гэтых мясцінах праходзіў волат. Стаміўся ён і вырашыў адпачыць каля каменя сярод магутных дрэў, і заснуў. У гэты час ішлі тым месцам чужакі і ўбачылі волата. Акружылі.  А калі ён прачнуўся, пачалася барацьба. Нечакана волат наступіў на камень. І адчуў, як сілы пачалі напаўняць яго цела. Тут чужаземцы і знайшлі сваю пагібель, а волат абмыў раны ў крыніцы каля каменя і адчуў сябе як раней. Праходзячы суседнюю вёску, ён расказаў людзям пра  цудоўную мясціну. З тых пор і пачалі прыходзіць да каменя мясцовыя жыхары, кад набрацца сіл. І назвалі той валун Багатырскім каменем.

Ёсць і другая легенда. Паводле яе ішла тут аднойчы Божая Маці. Ступіла на камень і параніла нагу. Рану абмыла ў крынічцы, вада ў якой і па сённяшні дзень мае чыр-
вонае адценне. А на валуне застаўся адбітак яе нагі…

Кожны, хто жадае, можа сёння прыйсці сюды, каб адпачыць, проста паглядзець на гэты цуд. Некаторыя людзі пакідаюць каля каменя стужкі ці грошы. Хто ведае, можа і цяпер гэты дзівосны камень дапамагае нам і абараняе…



  • Мы в социальных сетях: