Наверх

Два прыпынкі на шляху да роднага

23.09.2013 299 Наш край

«Прапануем усім! Хто не паспеў адпачыць за два месяцы, адпачніце з намі за адзін дзень! 1 верасня традыцыйна наведваем мерапрыемствы Дня беларускага пісьменства». Такая аб’ява вісела ў настаўніцкай сярэдняй школы № 20 г. Баранавічы некалькі дзён.

Хтосьці чытаў і задаваў сабе пытанне: «А каму патрэбен Дзень пісьменства? Вось умеем мы чытаць і пісаць, ды й добра…» А хтосьці прачытаў і запісаўся, бо зразумеў, што нельга ўявіць сучасную цывілізацыю без пісьменнасці. Ці была б наша беларуская культура такой шматграннай, калі б не было пісьмовага слова? Менавіта ў кнігах, у словах паэтаў і мысліцеляў адлюстроўваецца гісторыя народа, яго слынныя справы. Нам ёсць чым ганарыцца! Асветнікі беларускага народа – фігуры еўрапейскага маштабу.

Сімяон Полацкі. Яго творчасць мы лічым не толькі адным з вытокаў беларускай літаратуры, але і пачаткам рускага вершаскладання і тэатру. Францыск Скарына, фрэска з выявай якога ўпрыгожвае сцяну Падуанскага ўніверсітэта побач з партрэтамі другіх гігантаў Адра­джэння. Кірыла Тураўскі, стоўпнік і прапаведнік, пакінуў нам паэтычнае «Слова аб прамудрасці». Еўфрасіння Полацкая, якую называем святой заступніцай зямлі беларускай. А жыла яна ў эпоху Сярэднявечча, калі нават каралі не ўмелі ні чытаць, ні пісаць (напрыклад, французскі кароль Генрых I ва ўсіх афіцыйных дакументах замест подпісу ставіў крыжык). І гэта ў ХІ стагоддзі!

Дык ці патрэбна нам свята? Патрэбна. Адпраўляйцеся з намі на Магілёўшчыну і вы!

Прыпынак першы

«Быў хоў» – гэта пра Быхаў, гісторыя якога пачынаецца з XVI ст. Тапаніміка простая: маўляў, ва ўмацаваннях на дняпроўскай строме хаваліся ад ворагаў мясцовыя жыхары. Горад неаднаразова цярпеў асаду, гарэў і зноў адбудоўваўся.

Сёлета Быхаў прыняў эстафету юбілейнага XX-га Дня беларускага пісьменства.

Свята беларускага пісьменства па крупінках збірае лепшыя літаратурныя дасягненні кожнага рэгіёна Беларусі. Менавіта з быхаўскай зямлёй звязана гісторыя стварэння аднаго з самых значных помнікаў беларускага летапісання пачатку XVII ст. – Баркулабаўскага летапісу. Як напамінак пра гэта, на Кастрычніцкай плошчы Быхава адкрылі сімвалічную скульптурную кампазіцыю. Вялікая разгорнутая кніга са старажытнымі пісьмёнамі, і побач – знакаміты абраз Баркалабаўскай Божай Маці, яшчэ адной святыні Быхаўшчыны.

Побач – фестываль гарадоў-сталіц Дня беларускага пісьменства. Усе 17 (у некаторых свята адбылося двойчы) прадставілі свае выставы.

У двары Быхаўскага замка размясцілася пляцоўка «З крыніц гістарычнай спадчыны», дзе праходзілі рыцарскія турніры і спектаклі. Зараз пачалося аднаўленне замка ў рамках дзяржаўнай праграмы «Замкі Беларусі».

Усяго на свяце працавала больш за 20 тэматычных пляцовак.

Захаваліся ў горадзе і іншыя помнікі архітэктуры. Напрыклад, сінагога пачатку XVII ст. Яе ўзводзілі не толькі як культавы, але і як абарончы будынак. У цяперашні  момант сінагога пустуе, але ёсць спадзяванні, што з фінансавай падтрымкай Ізраіля пачнецца яе рэстаўрацыя.

Пакідаем Быхаў з перакананнем: свята патрэбна. Яно дае магчымасць не толькі адпачыць, але і адчуць гонар за нашу літаратурную спадчыну, прывівае любоў да мастацкага слова, стварае ўпэўненасць: і заўтра беларусы будуць чытаць кнігі.

Прыпынак другі

Трапіць на Магілеўшчыну і не наведаць яе сталіцу не маглі. Вельмі хацелася пабачыць, як Магілёў спраўляецца з адказнай місіяй культурнай сталіцы Садружнасці 2013 года.

З усіх прапанаваных маршрутаў адразу выбралі месца, якое магіляўчане асабліва шануюць – мемарыял  «Буйніцкае поле». Тут адбыўся адзін з самых маштабных баёў 1941 года падчас абароны Магілёва. Тут у якасці ваеннага карэспандэнта ў ноч з 13 на 14 ліпеня быў Канстанцін Сіманаў. У завяшчанні ён прасіў развеяць свой прах над Буйніцкім полем. Гэта было зроблена роднымі ў 1979 годзе.

У самым цэнтры мемарыяла ўзвышаецца 27-метровая капліца. Непадалёк – невялікі штучны вадаём «возера Слёз» – сімвал слёз матуль, якія не дачакаліся сваіх сыноў  з вайны.

Можна ўбачыць тут і ваенную тэхніку гадоў Вялікай Айчыннай.

Калі слухалі ў музеі праграмны матэрыял па гісторыі, на памяць прыйшлі словы К. Сіманава: «Так важна ў першую чаргу ўспамінаць не тых герояў вайны, твары і імёны якіх былі асветлены пераможнымі салютамі. Іх і так усе ведаюць. Важна не забываць тых, хто не ўбачыў перамогі, але зрабіў для яе ўсё, што мог».

А некаторыя паспелі наведаць культурны комплекс «Беларуская вёска XIX стагоддзя» праз дарогу. Ён здзівіў сваёй прыгажосцю!

Падчас агляднай экскурсіі па горадзе ўбачылі драматычны тэатр. Праязджалі таксама плошчу Леніна з Домам Саветаў (паменшаная копія мінскай). У канцы 1930-х гадоў вырашалася пытанне аб пераносе сталіцы БССР з Мінска ў Магілёў, таму і пачалі тут будаваць дакладную копію мінскага Дома Саветаў (1937-39 гг.).

Скончылі знаёмства з Магілёвам у Свята-Мікольскім жаночым манастыры.

Не хапіла часу, каб паглядзець усё запланаванае. І няхай Дзень беларускага пісьменства на Быхаўшчыне не быў такі, як у Ганцавічах ці ў Глыбокім, ён пакінуў пачуццё самазадавальнення. У гэты дзень мы пераадолелі каля 700 кіламетраў, былі ў дарозе 19 гадзін, каб апынуцца на зямлі, дзе сонца прачынаецца, каб яшчэ раз ушанаваць традыцыі нашай краіны, каб не са старонак прадпісанняў выхоўваць у юных камп’ютарных геніяў (ды і ў сваёй уласнай свядомасці) пачуццё патрыятызму, захаплення роднай прыродай, а вось так ціха, ледзь прыкметна. Ад экскурсіі да экскурсіі.

 

Цікавыя факты пра Быхаўшчыну

14 Герояў Савецкага Саюза дала краіне быхаўская зямля.

У 1706 г. у час Паўночнай вайны тут пабываў Пётр I.

У ліпені 1812 г. цераз Днепр пераправілася армія Баграціёна, якая ішла на Смаленск.

«У Быхаве,у жаночай гімназіі, бясслаўна закончыўся ўшчэмлены гісторыяй карнілаўскі рух», – чытаем мы ў рамане М. Шолахава «Ціхі Дон».



  • Мы в социальных сетях: