«Каб была ваша хата багата», «Шчасце каб было, а няшчасце каб сышло» – такія пажаданні жыхары аграгарадка Жамчужны пачулі ў калядныя дні.
– Аж усё ўнутры дрыжыць! – з захапленнем адклікаецца наконт свята, якое стварылі артысты мясцовага Дома культуры, 88-гадовая Ганна Шахмуць. – Абавязкова раскажу ўсяму Ляхавіцкаму раёну, як святкуюць Каляду на баранавіцкай зямлі.
– У гэтым годзе мы вырашылі ўзнавіць даўні беларускі звычай. Каляда сышла са сцэны і… выйшла на вуліцы. З жывой музыкай ды казачнымі персанажамі мы завіталі ў хаты многіх жыхароў Жамчужнага. Тыя, хто прачытаў аб’яву ў раённай газеце ці пачуў гукі акардэона, ужо чакалі нас з адкрытымі дзвярыма, – расказвае мастацкі кіраўнік Дома культуры Алена Пячко.
– Як усё цудоўна было, не пераказаць! – з хваляваннем кажа дачка Ганны Антонаўны Валянціна Шахмуць (яна забірае маці кожную зіму да сябе). – Сын нават усё зняў на камеру. Сёння наша трохгадовая ўнучачка Марта прагледзела стужку з радаснымі каментарыямі: «Глядзіце, як я дакранаюся да вуха Мішкі!»
І Ганна Антонаўна, і Валянціна Уладзіміраўна, дарэчы, самі берагуць-захоўваюць яшчэ адну народную традыцыю – абедзве майстрыхі: іх вышыўка заўсёды становіцца экспанатам выстаў Жамчужненскага ДК.
– Аграгарадок наш малады. Мы хочам, каб спрадвечныя народныя традыцыі жылі, каб моладзь ведала, што беларуская Каляда – гэта не гарэлка, не грошы, а свята, – заяўляе дырэктар Дома культуры Ірына Казляк.
Гэтак жа добра пакалядавала Таццяна Танскіх разам з сынам Мікалаем, мастацкі кіраўнік і кіраўнік па музычнай часці Вольнаўскага сельскага Дома культуры.
Таццяна Іванаўна родам з Палесся, якое дагэтуль захоўвае паэзію беларускай душы і з’яўляецца невычарпальнай крыніцай для даследчыкаў фальклору. Там яна атрымала багатую спадчыну традыцый, якой шчодра дзеліцца.
Вольнаўцы на Каляды ўдзельнічалі ў «Жаніцьбе Цярэшкі». Гэтак называюць старадаўнюю беларускую гульню. Уяўляе яна сабою жартаўлівае вяселле з баявой свахаю ды бясконцымі песнямі, танцамі, прыказкамі, прымаўкамі. Раней нерашучых дзяўчат і юнакоў – нашых продкаў – ігра знаёміла, збліжала, і жартаўлівая «жаніцьба» праз нейкі час абарачвалася сапраўднымі каханнем і вяселлем. Маладыя вілі сваё сямейнае гняздзечка, гадавалі дзетак, і думкі ні ў каго не ўзнікала куды-небудзь з’ехаць. Вось, а мы іншы час думаем, што зрабіць, каб вясковую моладзь не вабіў горад!