У баранавіцкім раённым цэнтры рамёстваў, што ў Русіно, дэлегацыю малечы сустракалі Зюзя і Гаёўка.
28 хлопчыкаў і дзяўчынак з няпоўных шматдзетных сем’яў атрымалі ў падарунак навагодняе свята ад Баранавіцкай арганізацыі Чырвонага Крыжа. Не першы год валанцёры збіраюць грошы падчас акцыі «Елка жаданняў», а пасля ладзяць цікавыя экскурсіі і ранішнікі. Сёлета да іх далучыліся і гарадскія прадпрыемствы і арганізацыі – заводы «Атлант», «Гандальмаш», «Прыорбанк». Аўтаагрэгатны завод дапамог арэндаваць аўтобус.
І вось прыехалі. На вялікай тэрыторыі цэнтра дзятву чакалі казачныя героі. Нашы, беларускія: Зюзя з унучкай Гаёўкай, Азярніца, Хапун, Балотнік, Баба-Яга. Што ні прыпынак, то вясёлая гульня. Пасля – смачная гарбата з салодкім пачастнукам. Цукеркі дзеці атрымалі ў падарунак ад Чырвонага Крыжа. А вось цэнтр рамёстваў падараваў кожнаму маленькаму наведвальніку ляльку-абярэг.