Наверх

Бібліятэкары распрацавалі «Спадарожнік турыста Баранавіччыны»

10.12.2014 407 Наш край

2014 год у Беларусі праходзіць пад знакам гасціннасці. Развіццё турызму, знаёмства з прыродным, культурным багаццем краіны, яе самабытнасцю, выхаванне ў грамадзян пачуцця патрыятызму, гонару, павагі да Бацькаўшчыны – вось асноўныя мэты, якія былі падкрэслены Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

На тэрыторыі Баранавіцкага раёна знаходзяцца 214 помнікаў гісторыі і культуры, сярод якіх 21 археалагічны і 51 архітэктурны. Каб пазнаёміць жыхароў і гасцей нашага краю з багаццем гістарычных, культурных і прыродных адметнасцяў раёна, работнікі аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі распрацавалі бібліяграфічны паказальнік літаратуры «Спадарожнік турыста Баранавіччыны». Ён складаецца з трох раздзелаў: «Матэрыяльная і духоўная спадчына», «Прыродныя помнікі», «Мясціны знакамітых людзей». Тут змешчаны кароткія гістарычныя і бібліяграфічныя звесткі пра Траецкі касцёл у вёсцы Ішкалдзь, Праабражэнскі касцёл і Спаса-Праабражэнскую царкву ў в. Новая Мыш, Туганавіцкі парк і «Камень філарэтаў», пра заснавальніка жанру панегірычнай паэзіі, паэта XVI стагоддзя Андрэя Рымшу, заснавальніка беларускага тэатра Уладзіслава Галубка і інш. У бібліяграфічныя спісы ўвайшла літаратура з фонду Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Амаль паўсюдна ў бібліятэках аформлены кніжна-ілюстрацыйныя выставы, тэматычныя паліцы, дзе прадстаўлены кнігі аб Беларусі, знакамітых суайчынніках, помніках гісторыі, культуры, прыроды. Дапаўнялі выставы маляўнічыя фотаздымкі, рэпрадукцыі краявідаў роднай зямлі.

Каб пазнаць веліч, багацце гісторыі, прыгажосць народных традыцый нашага краю, у фальклорную вандроўку «Беларускі скарб» адпраўляліся чытачы бібліятэкі аграгарадка Перхавічы, у віртуальнае падарожжа «Сем цудаў Беларусі» – чытачы дзіцячага абанемента цэнт-

ральнай раённай бібліятэкі. На гісторыка-краязнаўчую экскурсію «Наш доўг – наша памяць» запрашала Маласваротаўская бібліятэка-музей, экскурс у гісторыю «Знакамітыя постаці Беларусі» здзейснілі наведвальнікі Цешаўлянскай сельскай бібліятэкі.

Фальклорная мазаіка «Няхай спрадвечнае застаецца вечным» прайшла ў Ніжнечэрніхаў-скай сельскай бібліятэцы. Гаспадар і Гаспадыня запрасілі гасцей бібліятэкі ў імправізаваную беларускую хату, дзе расказалі пра звычаі і абрады сялян, далі паспрабаваць стравы нацыянальнай кухні.

Сапраўдным адкрыццём родных мясцін стаў краязнаўчы рэпартаж «Другой такой краіны не ведаю я», які сабраў у цэнтральнай раённай бібліятэцы навучэнцаў Навамышскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці.

Любоў да Радзімы, як вядома, пачынаецца з пачуцця захаплення сваім родным краем, кутком, дзе ты нарадзіўся і жывеш, з адкрыцця для сябе яго прыроды, гісторыі, людзей, з усведамлення сябе часцінкай усяго гэтага. І мерапрыемствы, якія ладзяцца ў бібліятэках раёна ў Год гасціннасці, спрыяюць таму, каб у жыхароў і гасцей нашага рэгіёна з’явілася жаданне пабываць у розных кутках Баранавіцкай зямлі, пабачыць яе хараство і непаўторнасць.



  • Мы в социальных сетях: