Наверх

Беларускамоўны клас у Баранавіцкай гімназіі: цяперашні стан і спадзяванні

26.11.2015 628 Наш край
Фота Барыса НАВАГРАНА
Фота Барыса НАВАГРАНА

Хутка месяц, як у Баранавічах па жаданню бацькоў быў адкрыты беларускамоўны клас. Пакуль у ім вучыцца трое дзетак, аднак настаўнікі спадзяюцца на тое, што самы маленькі ў горадзе калектыў вучняў будзе павялічвацца.

Шосты клас, у якім усе прадметы выкладаюцца выключна па­беларуску, у гімназіі № 4 пачаў працаваць з другой чвэрці гэтага навучальнага года згодна з рашэннем гарвыканкама. Раней аналагічны клас існаваў у сярэдняй школе № 14, але ўсе трое яго вучняў пакінулі ўстанову адукацыі, бо паступілі ў гімназіі горада. Двое з іх – менавіта ў чацвёртую гімназію.

У артыкуле 90 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі гаворыцца, што мова навучання і выхавання вызначаецца заснаваль­нікам установы адукацыі з улікам пажаданняў навучэнцаў ці законных прадстаўнікоў непаўналетніх вучняў.

З іншага боку, адкрыццё класа пад двух дзетак, замест 26, калі існуюць дакументы, якія прадугледжваюць аптымізацыю сістэмы адукацыі, – няпростае пытанне. Патрэбна выдзеліць сродкі на памяшканне, на зарплату настаўнікам – а гэта грошы дзяржавы, значыць, і кожнага грамадзяніна, распарад­жацца імі – вялікая адказнасць. Таму рашэнне аб адкрыцці класа прымалася на ўзроўні гарвыканкама.

Дырэктар гімназіі Вадзім Шчарбакоў спадзяецца, што з цягам часу беларускамоўны клас папоўніць свае рады, і ў трох рабят, якія зараз займаюцца ў ім, з’явяцца новыя сябры – у вялікай кампаніі і вучыцца весялей!

З іншых гімназій вучні маюць права перайсці ў беларускамоўны клас на працягу вучэбнага года. А вось тым, хто сёння займаецца ў школе, трэба дачакацца жніўня: каб стаць гімназістам, неабходна паспяхова вытры­маць уступныя іспыты.

– У горадзе няма ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, дзе б наогул не гучала матчына мова. Але часцей за ўсё яна гучыць на ўроках беларускай мовы і літаратуры. Ёсць дзеткі, для якіх гэтага мала, якія апантана цікавяцца гісторыяй свайго народа, яго творчасцю – непаўторным беларускім фальклорам, захапляюцца айчыннай літаратурай і хочуць кожны дзень практыкавацца ў размове па-беларуску з равеснікамі, – гаворыць Вадзім Шчарбакоў. – Запрашаем іх у нашу гімназію, у клас, дзе на працягу ўсяго школьнага дня размаўляюць на мілагучнай мове Коласа і Купалы. Нават калі вучань не стане выдатным філолагам, абярэ тэхнічную прафесію, такая зацікаўленасць зробіць яго крыху багацей – кожны возьме нешта ад нашага агульнага духоўнага скарбу.

Віталь ГЕРЦАЎ.



  • Мы в социальных сетях: