Наверх

Аднойчы ў стэпе

01.12.2012 437 Наш край

У нашай невялічкай вёсцы Рабковічы кожны ведае Марыю Фёдараўну Цярэшка. Гэтая сціплая, працавітая жанчына за свае больш як 80 гадоў жыццёвага шляху мала чаго добрага і пабачыла. Карацей кажучы – больш гаравала, чым радавалася.

У канцы 50-х гадоў мінулага стагоддзя лёс закінуў Марыю Цярэшка ў бяскрайнія стэпы Казахстана ў пошуках лепшага жыцця. Там, у саўгасе «Шлях Леніна», што ў Нурынскім раёне Карагандзінскай вобласці, маладая сям’я Цярэшкаў і «кінула якар». Галава сям’і Леанід Уладзіміравіч, атрымаўшы новы трактар, стараўся працаваць самааддана, часта па дзве змены не вылазіў з кабіны.

Яго поспехі не засталіся незаўважанымі кіраўніцтвам гаспадаркі, якая ў сваю чаргу дапамагала маладым перасяленцам у набыцці хатняй жывёлы. Марыя Фёдараўна працавала крыху ў дзіцячым садку, у які хадзіў яе трохгадовы Віця, ды вяла няхітрую хатнюю гаспадарку.

У хуткім часе ў сям’і адбылося папаўненне – нарадзілася дачка Света.

– Жылося добра, – успамінае жанчына. – Майго Лёню неаднаразова за добрасумленную працу ўзнагароджвалі каштоўнымі падарункамі, грашовымі прэміямі. Радаваўся ён, як раслі нашы дзеці, як пайшоў у школу Віця. Здавалася: жыві, працуй і не сумуй. Але не заўсёды так атрымліваецца, як нам хочацца.

Адбылося гэта дзесьці ў пачатку 1967 года.

– Гаспадар мой, – працягвае гаворку Марыя Фёдараўна, – у той дзень з напарнікам на трактарах звозілі ў скірду салому. Заўважылі, як з паўкіламетра ад іх з неба прызямліўся нейкі апарат. Пад’ехалі да яго, пацікавіліся, што гэта за «нябесны прышэлец» да іх наведаўся? Увесь утыканы нейкімі дзівоснымі антэнамі…

– Давай паглядзім, што там у сярэдзіне, – прапанаваў напарнік Лёні.

– Не, лепш паехалі адгэтуль, а то яшчэ чаго добрага гэты цуд ўзарвецца.

А напарнік і слухаць не хацеў – узяўшы некалькі ключоў са сваёй скрынкі, пачаў адкрываць люк таямнічага апарата.

Праз некалькі хвілін у небе пачуўся гул верталёта. Неўзабаве вінтакрылая птушка зрабіла пасадку непадалёку ад гэтага месца, і з яе выйшлі чалавек пяць мужчын, апранутых у нейкае ахоўнае адзенне. Гэта была пашуковая група. Як высветлілася потым з размовы, трактарысты натрапілі на спадарожнік сувязі, які выпрацаваў свой рэсурс і па камандзе з цэнтра кіравання касмічнымі аб’ектамі сувязі быў пасаджаны ў гэтай мясцовасці. Да яго дакранацца, а тым больш адкрываць люкі без папярэдняй апрацоўкі спецыяльнымі сродкамі было небяспечна не толькі для здароў’я, але і для жыцця.

– І сапраўды аказалася так, – цяжка ўздыхае Марыя Цярэшка. – Напарнік майго гаспадара, пабываўшы некалькі разоў у бальніцы, хутка памёр. Ды і Леанід пачаў адчуваць сябе не лепшым чынам. Было вырашана вярнуцца на радзіму, у Беларусь. Прадаўшы хатнюю жыўнасць, у канцы 1967-га мы прыехалі дамоў… 

Гаспадар стаў працаваць у мясцовай гаспадарцы шафёрам, а Марыя Фёдараўна глядзела за дзецьмі ды за хатняй жывёлай, якая паступова набывалася.

Стан здароў’я Леаніда Уладзіміравіча з кожным месяцам пагаршаўся, і 6 лістапада 1968 года мужчыну, якому не было і сарака гадоў, праводзілі ў апошні шлях.

Каб палепшыць крыху матэрыяльнае становішча, Марыя Цярэшка пайшла працаваць у гаспадарку на розныя работы. Балюча было глядзець, як людзі на ўласных прысядзібных участках працавалі сем’ямі, а яна адна са сваімі дзеткамі. Людзі дапамагалі ёй, спачувалі. Так і дажыла Марыя Фёдараўна да свайго 80-годдзя, дзелячы з суседзямі радасць і гора.

Прайшло ўжо больш за сорак гадоў з таго часу. Толькі Ганаровая грамата, што вісіць на сцяне невялічкай хаціны, напамінае Марыі Фёдараўне штодзённа пра гады, пражытыя на казахскай зямлі.

Радасна свецяцца яе вочы, калі прыязджае ў адведкі дачка Святлана са сваёй сям’ёй. Яны ўсе ўжо даўно працуюць на птушкафабрыцы «Дружба». Гэта натхняе жанчыну, надае ёй сілы і жадання пажыць на зямлі яшчэ крыху для дзяцей.



  • Мы в социальных сетях: