Паводле старажытных прароцтваў юдэйскіх прарокаў, У сто дзевяноста чацвёртую алімпіяду паводле грэцкага календара; У годзе семсот пяцьдзесят другім ад заснавання горада Рыма; У годзе сорак другім валадарання Актавіяна Аўгуста Цэзара Рымскага; Калі ва ўсім свеце настаў мір, пажадаў Езус Хрыстус спрадвечны Бог і Сын спрадвечнага Айца асвяціць сусвет праз сваё багаслаўлёнае прыйсьце.
Быў Ён зачаты ад Духа Святога і пасля дзевяці месяцаў нарадзіўся як чалавек у Бетлееме Юдэйскім з Дзевы Марыі.
Святкуем нараджэнне Пана нашага Езуса Хрыста паводле цела… Паважаныя браты і сёстры! Сардэчна віншую вас з надыходзячымі Святамі! Ад усяго сэрца жадаю ўсім вам бласлаўлення Божага Дзіцяці, добрага здароўя, спакою, міра і дабра вашым сем’ям. Няхай гэтае маладое Дзіцятка Езус народзіцца ў сэрцы кожнага чалавека і адновіць нас духоўна на далейшае лепшае жыццё.
З малітвай за кожнага з вас – кс. дэкан Валянцін Новак, пробашч Крыжаўзвіжанскага касцёла ў г. Баранавічы.