Наверх

Адбылося свята вёскі Палонка

10.08.2014 362 Наш край

Напрыканцы лета, калі восень скруціла яго на палетках у саламяныя рулоны, спакавала ў цюкі, а больш познія сялянскія ўборачныя клопаты яшчэ могуць пачакаць, адбылося свята вёскі Палонка. І ў такую вось млосную ад летняга шчодрага сонца пару вяскоўцы ўзварушыліся, захадзіліся адным клопатам – на стадыён, на свята!

Ужо з самай раніцы вёска была поўная руху, гоману і перадсвяточнай мітусні. Спецыяльная камісія з табарам мясцовых артыстаў ездзіла на возе ад дома да дома, каб вызначыць, у каго лепшы двор і прысядзібны ўчастак, дзе жывуць лепшыя народныя ўмельцы, кухары ці на якім падворку адбудзецца самы гумарыстычны прыём той самай камісіі.

Разам з імі завітаў і я на падворкі сем’яў Вячаслава Сяргеевіча і Тамары Пятроўны Мігуновых, Яніны Вікенцьеўны Емяльянчык, Віктара Пятровіча і Галіны Іванаўны Дэкола і многіх іншых вяскоўцаў. Каля хат, гаспадарчых пабудоў, на агародах – ні бруду, ні пустазелля, толькі кветкі. Кожны з гаспадароў запрашаў пакаштаваць свае стравы, сыплючы прыказкамі ды прымаўкамі.

– Кваску папіце і мяне пахваліце, – запрашала да стала Марыя Уладзіміраўна Кісляк разам з сынам Андрэем, нявесткай Марынай і ўнукам Арцёмам.

І ўпрыгожаная стужкамі ды кветкамі кабылка Анфіса везла вясёлую кампанію далей – у вёсцы ж 6 кіламетраў вуліц.   

Каля дома Марыі Эдмундаўны Паўлоўскай нас спыніў дзіцячы шчэбет, што весела пераклікаўся з тым шчабятаннем ды ціньканнем птушак, якога яшчэ шмат навокал у духмянай зеляніне. Можа, ад гэтага, што хораша, што свята ў вёсцы, а можа, ад жадання далучыцца да чалавечай радасці – дзіцячай чысціні завіталі мы ў гэтую сямейную ўтульнасць. Сустракалі нас  і гаспадыня, і пяцёра яе дзетак, двое з якіх прыёмныя. І павесялілі ад душы.

Свята вёскі Палонка не прымяркоўвалася да якой-небудзь круглай даты ці падзеі. Яно стала своеасаблівай дошкай гонару вяскоўцаў, адраджэннем ранейшых традыцый. Па словах старшыні Палонкаўскага сельвыканкама Ніны Кісель, свята праводзіцца ў два гады раз, сёлета яно ўжо адбылося ў аграгарадку Перхавічы, а ў наступную суботу весяліцца будуць у Лотвічах.

Вынікі агляду падворкаў у Палонцы падводзіліся ў другой палове дня на мясцовым стадыёне, дзе вяскоўцам узнімалі настрой самадзейныя артысты – ансамбль народнай песні  «Вечарынка» Палонкаўскага сельскага Дома культуры, вакальная група  «Вытокі» ветэранскай арганізацыі сельсавета ды моладзёжны ансамбль  «А-пять».

А паміж песнямі вядучыя свята дырэктар СДК Алена Хворык і мастацкі кіраўнік гэтай жа ўстановы Наталля Кавалёнак сказалі добрыя словы бадай ці не пра ўсіх вяскоўцаў: сёння жыве ў Палонцы 674 чалавекі, самыя старэйшыя з якіх Юзэфа Станіславаўна Карасік мае 95 год і Вера Іосіфаўна Гіль, якой 92 гады. І што сёлета ў вёсцы вялікае папаўненне – нарадзілася 10 дзетак, а самая маленькая жыхарка Ганначка Іванова. І што цяпер у вёсцы жыве толькі адзін ветэран Вялікай Айчыннай вайны Вольга Андрэеўна Верабей, а традыцыю дзедаў на службе ў арміі працягваюць пяць юнакоў. Прагучалі і імёны юбіляраў ад 55 да 85 год. Ім уручылі падарункі, і не толькі музычныя.

А потым старшыня сельвыканкама Ніна Кісель узнагароджвала пераможцаў па намінацыях: за лепшы падворак, кветнік, уменне гатаваць беларускія стравы, работы народных умельцаў, гумарыстычны прыём камісіі. Іх – дзесяткі чалавек, не пералічыць, бо ў Палонцы жывуць руплівыя і таленавітыя людзі.

Завяршылася свята футбольным паядынкам і дыскатэкай. А мы жадаем гэтай старажытнай вёсцы і яе людзям яшчэ процьму непражытага часу наперадзе, любавання сонцам, кветкамі і дзеткамі, а таксама звонкіх песень.



  • Мы в социальных сетях: