Наверх

Ад сенакоса да жніва, ці Гарачае лета Ігара Гаўрыка

09.07.2014 425 Наш край

Раней Ігара Гаўрыка ў вёсцы  Лаўрынавічы працоўны дзень пачынаюць хіба што даяркі. Ён жа на нагах ужо а шостай гадзіне раніцы. Паглядзіць, што буслы на  старой ліпе і на воданапорнай вежы  пачынаюць клекатаць, і сам бярэцца за справы па хатняй гаспадарцы.

Ігару  патрэбна ўправіцца да прыходу аўтобуса з цэнтральнай сядзібы СВК «Крошын», каб накіравацца  на працу. Застаецца   толькі забегчы ў хату, асцярожна пацалаваць сваіх дзяўчат, якія даглядаюць сны. Жонка Кацярына і гадавалая Варвара будуць з нецярплівасцю чакаць яго дамоў  з поля.

Лета – гарачая пара ў прамым і пераносным сэнсе гэтага слова. Працягваецца нарыхтоўка кармоў. Затым  пойдзе жніво – адказны час.

– Дзе знайсці Ігара Гаўрыка? – пытаюся ў старшыні сельскагаспадарчага кааператыва Уладзіміра Шчэрбацэвіча.

– Пытанне складанае, – чую ў адказ. – Трэба ехаць у Петкавічы, – кажа Уладзімір Дзмітрыевіч. – А гэта за трыццаць кіламетраў.

 …Насустрач нам з трактара цвёрдай паходкай выйшаў  26-гадовы малады чалавек – высокі, мужнага спартыўнага целаскладу.  Гутарылі  нядоўга, бо нельга прыпыняць зялёны канвеер. Аб гэтым яшчэ раз нам нагадаў намеснік старшыні  СВК па раслінаводчай галіне Сяргей Васільевіч Жалнерчук,  з якім  мы прыехалі ў поле. Справа ў тым, што СВК «Крошын» – другая па велічыне гаспадарка раёна.  Плошча  яе сельгасугоддзяў складае амаль 13 тысяч гектараў. Тут  на фермах утрымліваецца каля дзевяці тысяч галоў буйной рагатай жывёлы. Каб накарміць гэты статак, на зіму неабходна нарыхтаваць вельмі шмат кармоў.

Назіраючы, як ідуць справы на сенажаці, я заўважыў:

– У некаторых гаспадарках цюкі загортваюць у плёнку адразу ж у полі, а ў вас не так?

– Мы адмовіліся ад гэтай тэхналогіі, робім інакш, – заўважае Сяргей Васільевіч. – Спачатку цюкі  звозім да месца іх захоўвання. І там іх загортваем у плёнку. Так выключаецца магчымасць пашкоджання  плёнкі пры транспартыроўцы і гарантуецца якасць захоўвання кармоў.

– Як справы на сенажаці? – цікаўлюся ў Ігара.

– Ён адвозіць з поля за дзень 50-60 тон сена, – задаволена адказвае замест яго начальнік вытворчага  ўчастка Барыс Мазепа.

– Я толькі першы год на корманарыхтоўцы, – заўважае Ігар. – А вось на жніве сёлета пачну дзевяты сезон.

– А там якія поспехі ёсць?

– Апошнія тры гады  былі для Ігара  ўдалымі, – заўважае намеснік старшыні Галіна Дрозд. – Тры разы запар ён выходзіў на другое месца сярод маладзёжных экіпажаў  рэспублікі. Летась выдаў з бункера свайго камбайна КЗС-1218 болей за дзве тысячы шэсцьсот тон збожжа. На «Дажынках-2013» атрымаў прэмію – 10 мільёнаў рублеў.

– Не толькі я стараюся, а ўсе камбайнёры з Лаўрынавіч, – кажа Ігар і пералічвае: – Аляксандр Рытвінскі, Андрэй Шыманец, Павел Дрозд, Сяргей Дмухоўскі. Разам мы ўбралі каля 1900 гектараў  хлебнага поля і намалацілі звыш 10  тысяч тон збожжа. Вось такі наш лаўрынавіцкі каравай.

– Ёсць мары перакрыць свой леташні паказчык?

– А хто аб гэтым не марыць, пакуль магчымасці ёсць? – чую ў адказ.

– Камбайн у Ігара дагледжаны, як новы выглядае. Рыхтуе яго да ўборкі ў асноўным восенню. А перад жнівом яшчэ раз правярае ўсе вузлы для большай упэўненасці, – тлумачыць   Галіна Яўгеньеўна. – І памочнік у Ігара надзейны – Дзіма  Пірштук сам калісьці працаваў камбайнёрам. Цяпер ён спецыяліст гарадскога будаўнічага прадпрыемства. Але ж на перыяд уборкі штогод да нас прыходзіць.

– Сын пайшоў па бацьку, – кажа пра Ігара Гаўрыка намеснік старшыні. – Яго бацька Уладзімір Анатольевіч працуе ў гаспадарцы дваццаць сёмы год. Разам з сынам штогод  убірае цукровыя буракі. І  камбайнам «Мега» ён летась намалаціў каля 1600 тон збожжа.

– Мне ёсць на каго раўняцца, – жартуе Гаўрык-старэйшы. – Як кажуць, маю свой хатні прыклад. Толькі сын пайшоў  далей, і я гэтаму вельмі рады.



  • Мы в социальных сетях: