Наверх

«А парта школьная выхоўвала цябе…»

05.10.2013 379 Наш край

Сёння ў Мірскай сярэдняй школы юбілей – ёй спаўняецца 35 гадоў. Менавіта са школай у нас звязаны ўсе лепшыя моманты юнацтва, менавіта яна закладвае асновы чалавечнасці, уменне знайсці сябе ў жыцці, жыць у калектыве.

Што такое Мірская школа асабіста для мяне? Сябры? Убачу іх і пасля заняткаў. Урокі? Па сінусах і косінусах сумаваць няма прычыны. Школьныя мерапрыемствы? Цікавая старонка школьнага жыцця, ды, бадай, не самая галоўная. 

У чым жа прыцягальная сіла школы? У чаканні. Карані любові да школы ідуць з дзяцінства. Маленькія дашкаляты з зайздрасцю пазіраюць з вокнаў дзіцячага садка на вялікі і дагледжаны будынак школы, што стаіць на ўзгорку. Кожны з іх марыць з вялікім букетам кветак і новым ранцам пераступіць парог школы, каб за школьнай партай атрымаць адказы на невядомае і загадкавае.

Мірская школа звязала і тры пакаленні маёй сям’і. Мая бабуля, Людміла Васільеўна Чуеўская, працавала некаторы час настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Мама, Ірына Пятроўна Сцяцко (Чуеўская), вучылася ў гэтай школе, была вельмі актыўнай і таксама працавала тут. Зараз школа дорыць цяпло мне і маім братам – Ягору і Дзмітрыю.

Школа – гэта Настаўнікі. Не Урокадаўцы, а людзі, якія вучаць чалавечнасці, дапытлівасці, шчырасці. На сустрэчу з якімі ідзеш з задавальненнем кожны дзень. Настаўнікам неабыякавы наш лёс. Дырэктар школы Аляксандр Мікалаевіч Жук, як сапраўдны бацька, строгі і справядлівы. Парадак у школьнай сям’і дапамагаюць яму падтрымліваць усюдыісная Лілія Іванаўна Елінава і генератар творчых ідэй Ларыса Іванаўна Дашкевіч.

Школа – гэта не толькі будынак, тэрыторыя і сучаснае абсталяванне. Школа – гэта філасофія жыцця, традыцыі, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

Мая школа – гэта ўтульны дом-музей ведаў і эрудыцыі, творчасці і таленту. Пераступаеш школьны парог, па-мастацку аздоблены выкаванымі жаўранкамі, і трапляеш у галерэю лепшых спартсменаў, выхаванцаў настаўніка фізічнай культуры Вячаслава Рыгоравіча Богуша. Школа ганарыцца сучаснымі спартсменамі, але не забывае і тых, хто каваў ёй славу на працягу 35 гадоў яе існавання. Прадстаўленыя кубкі, граматы з’яўляюцца пацверджаннем удалых выступленняў.

На калідоры першага паверха цікавая экспазіцыя ў выглядзе лацінскай літары V (Вікторыя – перамога). У цэнтры яе – выява старажытнагрэчаскай багіні Афіны, апякункі асветы, і залаты медаль выпускніка школы. 27 залатых і сярэбраных медалістаў удастоены гонару быць прадстаўленымі ў гэтай экспазіцыі. Падрастаючаму пакаленню ёсць на каго раўняцца, ёсць кім ганарыцца, бо гэта іх бацькі, родныя, суседзі.

У школьным музейным комплексе гаспадараць настаўніца беларускай мовы і літаратуры Жанна Сцяпанаўна Шуцьева і настаўніца гісторыі Наталля Мікалаеўна Праневіч. Са старонак шматлікіх экспазіцый можна даведацца і пра пісьменнікаў-землякоў, і пра адметнасці мовы беларусаў, беларускія рамёствы, беларускі лён. Усяго і не пералічыць!

Кабінет гісторыі раскажа гасцям і школьнікам пра будаўніцтва Мірскай школы, першы педагагічны калектыў. Тут мы маем магчымасць пазнаёміцца з фотаздымкамі ўсіх школьных выпускаў, выпускнікамі, якія абралі прафесію педагога. Цікава і нестандартна аформлена карта вёсак Навамышскага сельсавета, прыцягвае ўвагу экспанат месяца – старажытны прас. Ды хіба ўсё пералічыш? А мы прайшліся толькі па першым паверсе.

Сімвалы беларускай дзяржаўнасці і Мірскай школы знаходзяцца на другім паверсе. Тут жа і экспазіцыя, адкрытая да 35-годдзя школы «Умей сябе рэалізаваць». Самыя яркія дасягненні мірскіх школьнікаў і іх настаўнікаў у вучобе, спорце, музыцы за ўсе гады існавання школы прадстаўлены тут. Я ганаруся тым, што і маё прозвішча як пераможцы ІІІ-га этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове знаходзіцца ў экспазіцыі.

Не будзем забываць, што школа – гэта найперш яе вучні. А сучаснаму школьніку патрэбна сучасная школа. Камп’ютарны клас абарудаваны новымі камп’ютарамі, даўно ўжо набыты і пастаянна прымяняецца ў працы мультымедыйны праектар, працуе мабільны лінгафонны кабінет. У мінулым годзе за перамогу ў раённым конкурсе навучальных устаноў школа атрымала ў падарунак інтэрактыўную дошку.

 Вось і правяла я для вас своеасаблівую завочную экскурсію па школе. Але лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Маёй роднай Мірскай школе 35 гадоў, яна маладая і прыгожая, поўная сіл і энергіі. Мірская школа запрашае сваіх выпускнікоў і педагогаў на святкаванне свайго юбілею 5 кастрычніка ў 17.00 у Мірскім Доме культуры. Дзверы школы адчынены для вас заўжды, але з 15.00 да 16.30 5 кастрычніка перад урачыстай часткай мы просім вас яшчэ раз прайсціся па родных калідорах, успомніць дзяцінства і юнацтва, перажыць хвалюючыя сустрэчы са школьнымі сябрамі.



  • Мы в социальных сетях: