Наверх

«…Хацелі ўлады і лёгкага хлеба»

31.07.2013 398 Наш край

Баранавіцкія землі ў гады акупацыі.

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны на Баранавіцкі чыгуначны вузел і горад быў здзейснены авіяналёт, але шматлікія чалавечыя ахвяры не зламілі волю і стойкасць жыхароў горада: для аховы чыгункі і прамысловых аб’ектаў ствараліся знішчальныя батальёны, ішла эвакуацыя прадпрыемстваў, устаноў і насельніцтва. Немцы ўвайшлі ў горад – так пачаўся перыяд акупацыі, які працягваўся больш за тры гады (да 8 ліпеня 1944 года).

У выніку праведзенага гітлераўцамі адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Баранавічы сталі цэнтрам акругі (гебіта), якая ўвайшла ў склад «Генеральнага вокруга Беларусь» – частку рэйхскамісарыята «Остланд» (рэйхскамісар Г. Лозэ з рэзідэнцыяй у Рызе). Летам 1941 года ў Баранавічах часова знаходзіўся штаб групы армій «Цэнтр», пры ім дзейнічаў галоўны камандзір СС і паліцыі групенфюрэр СС Эрых фон дэм Бах, які разам з шэфам айнзацгрупы «Б» А. Небэ кіравалі паліцыяй ў перыяд вайсковага кіравання тэрыторыяй. Пасля вываду Баранавіч з зоны вайсковага камандавання Бах перанёс штаб сваёй управы ў Магілёў.

Грамадзянская акупацыйная ўлада на тэрыторыі Баранавіцкай акругі дзейнічала з 4 верасня 1941 да 4 ліпеня 1944 года (дня эвакуацыі). На чале гарадоў стаялі штатскамісары, раёнаў – ортскамісары. Работу мясцовых органаў накіроўвалі розныя шэфы, інспектары, зондэрфюрэры, сельгасфюрэры, раённыя ўпаўнаважаныя (крайсландвірты), «сельскагаспадарчыя спецыялісты», «вайсковыя аграномы». Баранавіцкую акругу (гебітскамісарыят) узначальваў оберфюрэр Рудольф Вернер, яе тэрыторыя складала 5 694 км2, насельніцтва – 341 500 чалавек. У склад Баранавіцкай акругі ўваходзілі Баранавіцкі, Навамышскі, Гарадзішчанскі, Мірскі, Стаўбцоўскі, Клецкі, Несвіжскі раёны, у якіх налічвалася 68 валасных упраў. У раённых цэнтрах уся ўлада належала зондэрфюрэру (нямецкаму шэфу раёна), які разам са сваім апаратам падначальваўся акруговаму камісарыяту.

Асобнае месца займалі Баранавічы – адміністрацыйны, палітычны і гаспадарчы цэнтр акругі, які знаходзіўся на скрыжаванні важных чыгуначных і шашыйных магістраляў, таму горад заставаўся значным транспартным вузлом. Праз Баранавіцкі чыгуначны вузел кожны дзень праходзілі на фронт дзесяткі эшалонаў, на аэрадромах базіраваліся дзесяткі самалётаў. У самім горадзе ў перыяд акупацыі пражывала каля 24 000 жыхароў.

У сваёй справаздачы ад 11 жніўня 1944 года баранавіцкі акруговы камісар оберфюрэр Вернер скардзіўся, што акупацыйныя органы ў 1941 годзе не былі дастаткова падрыхтаваны ні ў матэрыяльных, ні ў кадравых адносінах. Асобныя ўстановы з самага пачатку павінны былі занава ствараць свой апарат: будавалі і абсталёўвалі службовыя памяшканні, гаражы, рамонтныя майстэрні, канцылярыі, жыллёвыя памяшканні і г.д. Паступова набіралі і персанал. Вернер прыводзіць для параўнання колькасны склад су-працоўнікаў акруговага камісарыяту: на 4 верасня 1941 года – 6 нямецкіх супрацоўнікаў-мужчын, на 20 чэрвеня 1943 года – 18 супрацоўнікаў-мужчын і 7 жанчын (акрамя таго ў нямецкім судзе – 3 мужчыны і 25 сельскагаспадарчых кіраўнікоў, мясцовыя кіроўцы, 95 мясцовых супрацоўнікаў-мужчын і 66 жанчын).

24 чэрвеня 1944 года ў Баранавіцкай акрузе ў складзе акупацыйных улад налічвалася: 26 мужчын, 10 жанчын, 38 сельскагаспадарчых кіраўнікоў; нямецкі суд – 6 мужчын, 2 жанчыны; прафесійны саюз – 4 мужчыны, 1 жанчына; Нацыянал-сацыялістычны саюз – 3 жанчыны; мясцовых супрацоўнікаў – 70 мужчын, 92 жанчыны. Як адзначаў акруговы камісар, разам з недастатковым забеспячэннем асабовым складам, цяжкасці выклікала тое, што супрацоўнікі не былі знаёмы з мясцовымі асаблівасцямі, тэрыторыяй, людзьмі і г.д.

Для больш эфектыўнага ажыццяўлення сваёй злачыннай палітыкі акупанты спрабавалі заручыцца падтрымкай мясцовага насельніцтва. Для надання бачнасці мясцовага самакіравання яны стварылі марыянетачную мясцовую ўладу – гарадскую і раённую або павятовую ўправу, а на тэрыторыі былых сельсаветаў – валасныя ўправы, у кожнай вёсцы прызначылі старасту.

Баранавіцкую гарадскую ўправу ўзначальваў бургамістр, якога зацвярджаў гебітскамісар, і два намеснікі, якіх падбіраў бургамістр. Апарат гаруправы складалі аддзелы і пададдзелы: агульны, электрычны, які пазней перайшоў да цэнтральнай управы ў Мінску (яго кіраўніком быў немец), школьны, вымяральны (з зямельным
пададдзелам), фінансавы, абагравальны, адміністрацыйны, ачысткі горада, пададдзелы па чыстцы комінаў, асенізацыйны, аддзелы сацыяльнага забеспячэння, прапіскі і пашпартызацыі, аховы здароўя, гандлёва-прамысловы, транспартны, гарадскі архіў і іншыя. На чале кожнага аддзела стаяў начальнік, які ў сваёй дзейнасці непасрэдна падпарадкоўваўся бургамістру.

Жыццё насельніцтва рэгламентавалася загадамі і распараджэннямі ўлад рознага ўзроўню. Па-першае, загадамі рэйхскамісара Остланд Г. Лозэ; па-другое, – генеральнага камісара Беларусі В. фон Кубэ, а затым К. фон Готберга; па-трэцяе, – акруговага камісара Вернера, які даводзіў да ведама насельніцтва свае загады і распараджэнні вышэйшага кіраўніцтва.

Міністэрства па справах акупаваных тэрыторый А. Розэнберга было прадстаўлена ў Баранавічах адным супрацоўнікам, два чалавекі падначальваліся Г. Лозэ. Камісар Вернер лічыў памылкай тое, што Беларусь адносілася да рэйхс-
камісарыяту «Остланд» і падкрэсліваў, што адказная работа выконвалася ў асноўным ніжэйшымі акруговымі ўправамі, а таму не было неабходнасці мець такі агромністы кіруючы апарат, можна абысціся толькі невялікімі кіруючымі штабамі. У якасці пацвярджэння Вернер прыводзіць той факт, што ў гаспадарчым аддзеле генеральнага камісарыята налічвалася прыкладна 30 начальнікаў аддзелаў і рэферэнтаў, якія накіроўвалі падначаленым распараджэнні, не ўзгадняючы іх паміж сабою.

Галоўным сродкам насаджэння і падтрымання акупацыйнага рэжыму стаў масавы крывавы тэрор, які ажыццяўлялі карныя органы: войскі СС, паліцыя бяспекі і СД, тайная палявая паліцыя, ахоўная паліцыя, паліцыя падтрымання парадку, контрразведвальныя органы абверу, жандармерыя, спецыяльныя паліцэйскія падраздзяленні і створаная гітлераўцамі адміністрацыя, а таксама ўзброеныя сілы вермахта, ахоўныя войскі.

У адпаведнасці з інструкцыяй на ўсёй акупаванай тэрыторыі дазвалялася стварэнне дапаможнага адміністрацыйна-паліцэйскага апарату, аснову якого павінны былі складаць мясцовыя жыхары. З 17 ліпеня 1941 года пачынае стварацца мясцовая паліцыя, якая 24 красавіка 1942 года пераіменавана ў Службу Парадку. З пераходам ад вайсковай да цывільнай адміністрацыі Служба Парадку заменена пастаяннай паліцыяй (шутцпаліцыяй), якая павінна была дзейнічаць у гарадах пад кіраўніцтвам нямецкай жандармерыі ў сельскай мясцовасці і нямецкай ахоўнай паліцыі ў гарадах. Першапачаткова суадносіны жандармерыі і мясцовай паліцыі былі 1:5. Буйныя паліцэйскія гарнізоны ўзніклі ў Баранавічах, раённых цэнтрах і ва ўсіх буйных населеных пунктах. У першую чаргу ў паліцыю павінны былі трапіць надзейныя фольксдойчэ і беларусы, а калі апошніх не хапала, то і палякі. З-за нізкай актыўнасці беларусаў колькасць палякаў у мясцовай паліцыі была даволі высокай. На першым часе паліцыя фарміравалася на добраахвотнай аснове.

Паліцыянтамі ў Баранавіцкай акрузе служылі пераважна сяляне 1910–1924 гадоў нараджэння. Матывы для ўступлення ў паліцыю былі рознымі.  «У пачатку вайны нікога не запісвалі ў паліцыю сілай… паліцыя фарміравалася ў той час тымі, хто хацеў улады і лёгкага хлеба», – пісаў чалавек, які служыў у Міры і быў партызанскім агентам. За службу ў паліцыі плацілі наступным чынам: радавы паліцэйскі атрымоўваў да 600 рублёў (50 марак), за выезды на аперацыі супраць партызан плацілі камандзіровачныя – 10 рублёў у суткі. Але ішлі ў паліцыю і такія, хто хацеў свядома змагацца з савецкай уладай.

Пры рэарганізацыі Службы Парадку ў шутцпаліцыю была зроблена не вельмі ўдалая спроба ачысціць паліцыю ад асабліва злачынных элементаў, але старыя заганы і недахопы засталіся. Рэарганізацыю таксама паспрабавалі выкарыстаць дзеля змяншэння кантролю палякаў над паліцыяй. Так, у снежні 1941 года праводзілася апытанне нясвіжскіх паліцэйскіх аб іх нацыянальнай прыналежнасці, і тых, хто запісваўся палякам, звольнілі, аднак колькасць палякаў была па-ранейшаму высокай.

Функцыі паліцэйскіх у Баранавіцкай акрузе не адрозніваліся ад функцый паліцэйскіх іншых частак генеральнай акругі: яны ахоўвалі прадпрыемствы, цывільныя ўстановы, турмы, гета і г.д., прымалі ўдзел у «спецыяльных акцыях» (расстрэлах, карных аперацыях, аблавах). Выкарыстоўваліся паліцэйскія і для знішчэння яўрэйскіх гета, але для гэтых аперацый Баранавіцкае СД усё больш выкарыстоўвала літоўскія, латышскія і ўкраінскія аддзелы – напрыклад, знішчэнне Сіняўскага гета. Займалася паліцыя і расстрэламі ваеннапалонных, удзельнічала ў баях супраць партызан, аб чым захавалася шмат успамінаў. Па меры набліжэння Чырвонай Арміі ў паліцэйскіх змяняецца настрой: шмат з тых, у каго рукі былі ў крыві, упадалі ў адчай – вельмі пашыранай з’явай стала п’янства.

Разам з тым многія паліцэйскія супрацоўнічалі з партызанамі: так, пры падрыхтоўцы разгрому вельмі моцнага гарнізона ў Сейлавічах Нясвіжскага раёна кіраўніцтва партызанскага атрада імя Шчорса выйшла на мясцовых паліцэйскіх, і начальнік сейлавіцкай паліцыі перад атакай сапсаваў кулямёты і замініраваў усе выхады з дзотаў, чым вельмі аблегчыў атаку партызан. Акрамя таго, партызаны паспяхова супрацоўнічалі з начальнікам клецкай паліцыі Гурынам і заўсёды ведалі ад яго пра ўсе планы і намеры ворага. Колькі ўсяго баранавіцкіх паліцэйскіх перайшло на бок партызан, невядома, але па ўсёй Беларусі такіх было каля 30 000 чалавек.

З пачаткам наступлення Чырвонай Арміі на Беларусі шмат хто з паліцэйскіх разам з блізкімі пераехаў на захад. Частка  службоўцаў увайшла ў 30-ю дывізію СС, а шмат хто – у польскую армію генерала Андэрса. Большасць паліцэйскіх засталася на Захадзе.

Не забываліся акупанты і пра культуру з адукацыяй, але ажыццяўлялі асветніцкія мерапрыемствы ў рамках ідэалогіі аб перавазе «арыйскай расы». У гэты час у Баранавічах працавалі сярэдняя медыцынская школа з аддзеламі медсясцёр, акушэрак, фельчароў, аптэкараў і ветэрынарных памочнікаў – усяго 360 студэнтаў і 33 выкладчыкі; сярэдняя гандлёвая школа – 120 студэнтаў і 15 выкладчыкаў; сярэдняя мастацкая школа – 30 студэнтаў; сярэдняя музычная школа пад кіраўніцтвам кампазітара Спаскага; сярэдняя тэхнічная школа – 150 студэнтаў і каля 20 настаўнікаў; настаўніцкія курсы – каля 100 студэнтаў. Вельмі актыўна дзейнічаў Беларускі Народны Дом Культуры пад кіраўніцтвам Шыдлоўскага, дзе быў добры хор, танцавальны ансамбль, тэатральная група, струнны аркестр, а таксама Саюз Беларускай Моладзі і яго філіі, у шэрагі якіх падманам і прымусам трапіла каля 5 000 мясцовых юнакоў і дзяўчат.

На працягу амаль усяго перыяду акупацыі ў Баранавічах выдавалася «Баранавіцкая газэта» (упершыню выйшла 22 ліпеня 1941 года пад назвай «Baranowitsher Zeitung»), з якой мясцовае насельніцтва даведвалася пра асноўныя падзеі ў свеце, падаваемыя на нацысцкі лад. Газета выходзіла двойчы на тыдзень, матэрыялы друкаваліся на беларускай, польскай і нямецкай мовах, але з 46-га нумара польская мова не выкарыстоўвалася.

З пачатку 1942 года газета стала выходзіць пад назвай «Баранавіцкая газэта» 2-3 разы на тыдзень, да чэрвеня 1943 года шрыфт выкарыстоўваўся лацінскі, пазней дабавіўся і кірылічны. З 8 студзеня па 24 чэрвеня 1944 года газета выходзіла пад назвай «Пагоня» два разы на ты-дзень – усяго выйшла 223 нумары. Тыраж газеты складаў 25 000 –  30 000 экземпляраў, выпускала газету «Прэсавае выдавецтва Менск». Рэдакцыя і тыпаграфія знаходзіліся на Марыінскай вуліцы (зараз Савецкая) у доме № 50 у Баранавічах. Падпісны кошт на год складаў 12 рэйхсмарак з атрыманнем на даму (кошт аднаго нумара 10 пфенінгаў). Рэдактарамі газеты былі К. Бэрэнд, А. Бурскі, Л. Гарошка, Б. Шышко.

Газета ўслаўляла «подзвігі» салдат вермахта на франтах. Так, нумар «Баранавіцкай газэты» ад 21 студзеня 1942 года цалкам прысвечаны апісанню поспехаў немцаў у Крыму і баявым дзеянням на Далёкім Усходзе. Акрамя таго адзін з нумараў газеты распавядаў пра савецкія канцлагеры ў раёне рэк Пячора і Варкута.

Безумоўна, прэса не магла абыйсці сваёй увагай сацыяльна-эканамічнае жыццё грамадства і, перш за ўсё, становішча ў вытворчых галінах народнай гаспадаркі, аднак матэрыялы пра працу прамысловых прадпрыемстваў былі засакрэчаны і амаль не пранікалі на старонкі газеты, адсутнічалі таксама і статыстычныя дадзеныя аб стане сельскай гаспадаркі, пастаўках прадукцыі і г.д.

Рэдакцыя газеты своечасова забяспечвалася інфармацыяй з Германіі, якая трапляла па розных каналах – першасную яе апрацоўку, фарміраванне інфармацыйных блокаў, падбор хранікальных матэрыялаў, напісанне шэрагу артыкулаў і г.д. ажыццяўлялі спецыяльныя службы (Палітычная служба прапаганды, Служба друку Усходу і г.д.). Усе публікацыі пра палітыку, культуру і будучае беларускага народа былі пранікнуты нацыяналістычнай ідэяй, якая была тым ідэалагічным каркасам, на якім трымаўся ўвесь гмах акупацыйнай публіцыстыкі. Прабуджэнне беларускай нацыі звязвалася з адданым служэннем Трэцяму Рэйху.

Такім чынам, дзейнасць акупантаў у 1941–1944 гадах накіроўвалася на выкарыстанне падуладных ім матэрыяльных і людскіх рэсурсаў, на перамогу ў вайне з Савецкім Саюзам, але планы нацыстаў былі сарваны дзякуючы гераічнаму супраціву беларускага народа.



  • Мы в социальных сетях: