Наверх

100 балаў па беларускай мове – у медалісткі з Баранавіцкага раёна

23.07.2020 2080 Наш край

Выпускніца Вольнаўскай сярэдняй школы Тамара Петраш увайшла ў лік 78 абітурыентаў нашай краіны, якія змаглі набраць 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні па беларускай мове. Цудоўны вынік!

– У 10 класе я пачала сваю падрыхтоўку да цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай мове. Гэты прадмет у школе вывучала з лёгкасцю. Але ўсё ж, калі ўбачыла стобальны вынік, была вельмі здзіўленая, – расказала Тамара. – На пробным тэсціраванні максімальны вынік быў 90 балаў. Нягледзячы на тое, што ЦТ мне здалося нескладаным, я ўсё ж такі хвалявалася, што дзесьці зрабіла памылку.

Што б параіла ўладальніца 100-бальнага сертыфіката будучым абітурыентам?

– Я лічу, каб атрымаць высокі бал, патрэбны, найперш, стараннасць і мэтанакіраванасць. І, безумоўна, дапамога кампетэнтнага педагога. У мяне ім стала Анастасія Уладзіміраўна Кускова, якой я шчыра ўдзячная за вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы да аднаго з маіх галоўных экзаменаў. Будучым выпускнікам хочацца параіць канчаткова вызначыцца з выбарам прафесіі і крочыць да сваёй мэты, рыхтавацца да тэсціравання з усведамленнем таго, што ад гэтага важнага этапу залежыць далейшае жыццё ў цэлым.

toma-100.jpg





  • Мы в социальных сетях: