Мінулагодні конкурс юных вакалістаў «Звонкая раніца», які ладзіць «Настаўніцкая газета» і газета для падлеткаў «Переходный возраст», нарабіў шмат шуму ў асяроддзі юных спевакоў Беларусі. Ці атрымаецца і ў гэтым годзе конкурсу ўтрымаць высокую планку? Арганізатары ўпэўнены – атрымаецца! З 7 па 17 лістапада мінулага года ў 12 раённых цэнтрах Беларусі адбыліся кастынгі, у якіх прынялі ўдзел 267 юных спевакоў з амаль 30 раёнаў нашай краіны. Многія прыязджалі ў суседнія гарады за 50 і нават за 100 кіламетраў, каб, як кажуць, сябе паказаць і на іншых паглядзець. На кожным кастынгу прысутнічалі прадстаўнікі мясцовых музычных школ, устаноў культуры і адукацыі, педагогі «Звонкай раніцы», фіналісты «Звонкай раніцы-1». Вельмі часта сярод канкурсантаў было цяжка вылучыць лепшых. Ды і горшых, уласна кажучы, адназначна таксама не было.
На жаль, толькі 50 удзельнікаў кастынгаў трапілі ў фінальны тур у Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня». Сярод іх і нашы таленавітыя вакалісты: Караліна Варапай з Баранавіч, якая будзе выступаць пад нумарам 11, Марыя Батурынец (нумар 28) і Марыя Дубіна (нумар 47) – абедзьве з Жамчужнага.
Як і ў мінулым годзе, сёлета з 12 студзеня па 1 лютага ў «Зубраняці» (адным з заснавальнікаў конкурсу) фіналістаў чакаюць заняткі з педагогамі па вакале і сцэнічным руху, макіяжы і тэхніцы маўлення, сустрэчы з вядомымі дзеячамі сцэны і, безумоўна, справаздачныя канцэрты.
Канкурсантаў і гледачоў конкурсу чакае мноства навінак. Найперш гэта электроннае галасаванне. Выканаўцы адразу пасля выступлення будуць ведаць колькасць выстаўленых журы балаў, якія за тры этапы фінальнага тура будуць падсумаваны і стануць асноўнай часткай агульнага выніку конкурсу.
Усе канцэрты і публічныя мерапрыемствы, якія адбудуцца ў «Зубраняці», будуць трансліравацца ў інтэрнэце. Іх можна будзе паглядзець у анлайн-рэжыме на сайце праекта «Звонкая раніца» www.zr.ng-press.by (сетка вяшчання будзе змешчана на электронных рэсурсах «Настаўніцкай газеты»).
Прэс-група будзе рэгулярна весці дзённікі конкурсу на старонках маладзёжнага прэс-клуба «Настаўніцкай газеты» па адрасе www.club.nastgaz.by і расказваць пра жыццё фіналістаў і конкурсныя падзеі, што будуць адбывацца на беразе Нарачы. Кожны з вас можа ўзяць удзел у СМС-галасаванні і падтрымаць таго фіналіста, чыё выступленне вам найбольш спадабалася (падрабязнасці – на сайце праекта www.zr.ng-press.by).
Уладальнік гран-пры атрымае экскурсійны тур у Кіеў на дзьве асобы. Акрамя гэтага, арганізатары падрыхтавалі шмат іншых сюрпрызаў. Глядзіце відэа фіналістаў, каменціруйце, галасуйце! Падтрымайце сваіх знаёмых і землякоў!