Наверх

Знакамітыя землякі Баранавіччыны. Андрэй Рымша з Пянчына

27.02.2018 1122 Наш край

Андрэй Рымша з Пянчына

Працягваем знаёміць са знакамітымі землякамі Баранавіччыны.

Сённяшні расповед пра Андрэя Рымшу, які належыць да выдатнай плеяды пісьменнікаў Беларусі эпохі Адраджэння, у айчынную гісторыю ён увайшоў як паэт і перакладчык канца ХVІ ст.

Нарадзіўся Андрэй Рымша каля 1550 года ў вёсцы Пянчын Баранавіцкага раёна ў шляхецкай сям’і.

Няма адзінадушнай думкі, дзе ён атрымаў адукацыю. Большасць мяркуе, што наш зямляк вучыўся ў Астрожскай школе. Свае творы пісаў па-беларуску і па-польску, перакладаў з латыні. У «Дзесяцігадовай аповесці» і ў «Храналогіі» выкарыстоўваў габрэйскую і расійскую мовы, звяртаўся і да мясцовага дыялекту. Ужо ў 1581 годзе ў Астрожскай друкарні нашым земляком Іванам Федаровічам быў апублікаваны яго верш «Храналогія». Яго месца ў нацыянальнай гісторыі вызначаецца тым, што гэта было першае самастойнае выданне беларускамоўнага твора.

З 1572 года Андрэй Рымша знахо-дзіўся на прыдворнай службе ў польнага гетмана Крыштафора Радзівіла. Гэта быў час Лівонскай вайны, якая цягнулася доўгія дзесяць гадоў і ў выніку якой Вялікаму княству Літоў-скаму ўдалося вярнуць захопленыя Масковіяй землі і на нейкі час дасягнуць міру і спакою на сваёй зямлі. Андрэй Рымша прымаў удзел у паходзе ў складзе войскаў Крыштафора Радзі-віла ў глыб Масковіі, гэтыя падзеі ляглі ў аснову «Дзесяцігадовай аповесці». Гэты твор – не панігірык у гонар Крыштафора Радзівіла, а мастацкі твор, у якім натуральна спалучаны ў адзінае цэлае жыццёвая праўда і мастацкая выдумка, хоць Андрэй Рымша настойліва падкрэслівае, што першааснова твора – асабіста перажытае і ўбачанае ім самім як удзельнікам паходу ў складзе войскаў.

Пачынаючы з 1583 года, Андрэй Рымша працаваў падстарастам у адным з маёнткаў Крыштафора Радзі-віла. У сваёй творчасці гэтага перыяду карыстаўся беларускай мовай. Як мяркуюць даследчыкі даўняй айчыннай літаратуры, многае з напісанага нашым земляком загінула найхутчэй беззваротна. На сёння вядомы тры яго панегірычныя вершы на гербы Яўставія Валовіча, Льва Сапегі, Якава Скуміна. Усе яны былі апублікаваны ў Вільні ў друкарні Мамонічаў. Паказальна, час выдання эпіграмы на герб Сапегаў супадае з датай выхаду трэцяй рэдакцыі Статута Вялікага княства Літоўскага (1588 г.). Як вядома, непасрэдны ўдзел у распрацоўцы зводу юрыдычных дакументаў нашай дзяржавы браў Леў Сапега. Яму належыць і прадмова да Статута, у якім замацоўвалася самастойнасць Вялікага княства Літоўскага і беларускай мовы як дзяржаўнай. Эпіграма была змешчана ў першай рэдакцыі Статута.

Наш зямляк з Баранавіччыны займаўся таксама і перакладамі. На сёння вядома толькі перастварэнне па-польску з латыні твора А. Паляка «Хранаграфія, або тапаграфія, гэта значыць асаблівае і падрабязнае апісанне Святой Зямлі». Твор скіраваны супраць невуцтва і псеўдаадукацыі тых, хто пахваляецца ўніверсітэцкімі дыпломамі, а сапраўдных ведаў не мае. Пад перакладам стаіць апошняя з дакладна вядомых датаў жыцця і творчасці Андрэя Рымшы – 1595 год. Застаюц-ца невядомымі год смерці пісьменніка і месца яго вечнага спачыну. Навукоўцы год смерці пазначаюць прыблізна пасля 1595 года.

Анатоль Крэйдзіч,
намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі.

На радзіме праз стагоддзі

«І ведаем, і памятаем…»

Вулiца, названая iмем Адрэя Рымшы

Вёска Пянчын, дзе нарадзіўся наш вядомы зямляк, сустрэла цішынёй і квітнеючай зелянінай за агароджамі нешматлікіх хат.
Валянцін Шырко, мясцовы жыхар, ахвотна расказаў, што ў вёсцы памятаюць і ведаюць пра Андрэя Рымшу і яго дасягненні. На жаль, дзе магла размяшчацца сядзіба паэта, ніхто з мясцовых не ведае. Нават старажыл – 90-гадовая карэнная жыхарка вёскі, якая многае памятае з мінулага гэтага населенага пункта, не можа адказаць на такое пытанне.

– Мы жывем на вуліцы Лугавой, – распавядае Валянцін Мікалаевіч, – а каб яе назвалі імем Андрэя Рымшы, не супраць. Мы ўжо пра гэта гаварылі з суседзямі.

– А яшчэ мы думаем, што можна было б назваць імем нашага вядомага земляка скрыжаванне дарог, з якога і пачынаецца наша вёска, – далучаецца да размовы жанчына.

На гэтым скрыжаванні, як расказваюць мясцовыя жыхары, калісьці стаяла карчма, тут прыпыняліся падарожнікі, каб напіцца з крыніцы. Калі прыгледзецца, то можна ўбачыць струменьчык вады, які ледзь выбіваецца з муравы на ўскрайку дарогі.

– Зямля на дарозе мокрая, – тлумачыць жанчына, – гэта вада з крынічкі.
А да яшчэ адной крыніцы нас правёў Валянцін Мікалаевіч. Набіраючы ледзяную нават ў спякоту ваду ў вёдры, ён расказаў:

– Даследаванні вады з крыніцы паказалі: яна чысцейшая нават за тую, што ў мясцовых калодзежах.

– Вось такі наш край унікальны: нараджаюцца тут і прыродныя цуды, і таленавітыя людзі, – разважае вядучы спецыяліст Гарадзішчанскага сельвыканкама Людміла Круглік.

Людміла Мікалаеўна нам і распавяла, что сёння ў вёсцы Пянчын 22 жылыя хаты, а ў 1944 годзе іх было 61. Зарэгістравана 12 сямей, якія пражываюць тут пастаянна, ёсць і домікі пад дачы, і тыя, што пустуюць.

Вёска Пянчын адносіцца да Гарадзі-шчанскага сельвыканкама. Менавіта ў Гарадзішчы імя знакамітага земляка Андрэя Рымшы носіць адна з цэнтральных вуліц. Рашэннем Гарадзі-шчанскага выканкама №7-28 ад 21.07.1996 г. вуліца, назва якой па-руску гучала «60 лет Октября», перайменавана ў вуліцу імя Андрэя Рымшы. Аб гэтым сведчыць і таблічка, разме-шчаная на будынку дзіцячай школы мастацтваў: «Вуліца названа ў гонар земляка Андрэя Рымшы, беларускага паэта, гісторыка, перакладчыка. Нара-дзіўся ў вёсцы Пянчын у XVI стагоддзі».

Таццяна КАРПІК.
Фота аўтара.



  • Мы в социальных сетях: