Наверх

Зачараваны свет Антаніны Аўчыннікавай

25.10.2011 657 Наш край

Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім… Гэта пра настаўніцу Гарадзішчанскага вучэбна-вытворчага камбіната Антаніну Мікалаеўну Аўчыннікаву. Яна вельмі цікавы ва ўсіх адносінах чалавек і наогул вельмі прыгожая жанчына.

Дзякуючы руплівай працы Антаніны Мікалаеўны тэрыторыя вучэбнага камбіната адна з лепшых у раёне па ландшафтным дызайне, у інтэр’еры вучэбных кабінетаў таксама відаць вока і руку майстра. Усё зроблена з густам, усё на сваім месцы.

У жыцці ж Антаніна Мікалаеўна вельмі сціплы, дабразычлівы і гарманічны ва ўсім чалавек, заўзятая працаўніца, цікавая суразмоўца. Дыяпазон яе захапленняў вельмі разнастайны: яна і кветкавод, і дызайнер, і мадэльер, і нават крышку філосаф.

3 нагоды святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню пажылых людзей і Дню маці, у нашай гарпасялковай бібліятэцы ладзілася выстава яе фларыстычнага жывапісу «Зачараваны свет». Гэта творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выкананыя ў тэхніцы японскага стылю ашыбана. Арыгінальныя і эксклюзіўныя кампазіцыі выкананы з засушаных раслін. У гэтай унікальнай тэхніцы створаны пейзажы, нацюрморты, сюжэтныя карціны. 3 ювелірнай дакладнасцю мастачка звычайную галінку ператварае ў дрэва, лісточак – у воблака ці сілуэты гор. Гэта вельмі тонкая, марудная і руплівая праца.

Выстава не пакінула абыякавымі ні старога, ні малога. Прыемна было назіраць, з якой асалодай яны разглядваюць творы Антаніны Мікалаеўны. Гледзячы на карціны мастачкі, хочацца трапіць ў той куточак Радзімы, які адлюстраваны ў творы, каб датыкнуцца да яго душой і сэрцам. 

Іх назвы гавораць самі за сябе – «Апошнія краскі восені», «Прахалода», «Святая абіцель», «Восеньскі ранак», «Валошкі і рамонкі» і іншыя. 

Неўпрыкметку адкрываеш нешта важнае, міжволі адчуўшы сябе часцінкай таямнічага і звабнага навакольнага свету, чуеш і разумееш яго мову. Не проста чуеш, а ўсхваляваным сэрцам разумееш, што хоча сказаць аўтар. У творах Антаніны Мікалаеўны хвалюе паяднанасць прыроды і ўзвышанай душы творцы. Здаецца, чуеш усхваляваную і пранікнёную параду аўтара: «Не прапусці – колькі цікавага, дзіўнага навокал!..»

Майстэрства і прыродны дар Антаніны Мікалаеўны нікога не пакінуў абыякавым. Выставу наведалі не толькі чытачы нашай бібліятэкі, вучні нашай школы, дзіцячага дома-інтэрната, але і навучэнцы вучэбнага камбіната з навакольных вёсак.Толькі прыгожы душой і сэрцам чалавек можа тварыць такое хараство. Выстава дала ўсім урок прыгажосці і гармоніі, узбагаціла наведвальнікаў бібліятэкі эстэтычна і духоўна.



  • Мы в социальных сетях: