На тэрыторыі Беларусі даследчыкі вылучаюць больш за 30 разнавіднасцяў народнага строю – гэта комплекс адзення, абутку і аксэсуараў, які складаўся на працягу стагоддзяў, выкарыстоўваўся ў штодзённым і святочным ужытку беларусаў. Ён досыць строга прывязаны да пэўнай мясцовасці. І калі малодшы навуковы супрацоўнік раённага Цэнтра рамёстваў Сяргей Майсеня расказваў аб гэтым загадчыкам клубных устаноў і бібліятэк, якія ўдзельнічалі ў семінары-практыкуме «Некаторыя аспекты арганізацыі краязнаўчай работы ва ўстановах культуры», то з жалем адзначыў, што суцэльнага Баранавіцкага строю няма, а ёсць пэўныя яго элементы. І расказаў удзельнікам семінару, як рэканструявалі Баранавіцкі жаночы строй.
Дзеля гэтага звярталіся ў Акадэмію навук Рэспублікі Беларусь, размаўлялі з мясцовымі жыхарамі, цесна супрацоўнічалі з сельскімі Саветамі, школамі, Дамамі культуры, бібліятэкамі. Цяпер у архівах Цэнтра рамёстваў ёсць звыш 200 фотаздымкаў, на якіх зафіксавана шматгалосая мелодыя адзення, убачанага падчас экспедыцый па раёне. Бо ў адным канцы раёна спадніца магла быць чорнага колеру ці ў клетку, а ў другім – сіняя і ў палосачку. Гэта шматварыятыўнасць тлумачыцца тым, што Баранавіцкі раён з’яўляецца памежным з рознымі рэгіёнамі. Свой уплыў, безумоўна, аказалі жаночыя ўборы і Пінска-Івацэвіцкага строю, і Ляхавіцкага, ды і Навагрудскі ці Капыльска-Клецкі строі маглі зрабіць свой уплыў.
– З сабраных у экспедыцыях матэрыялаў і з той інфармацыяй, што нам прадстаўлялі з розных месцаў, з музеяў мы паспрабавалі вылучыць зборны Баранавіцкі строй, скласці адзін з яго варыянтаў, – дзяліўся думкамі Сяргей Майсеня. – Цяпер мы прыйшлі да выніку, але ён не канчатковы, і гэта не значыць, што мы спынілі працу, а яшчэ больш актывізуем яе: цікава паглядзець, якія яшчэ варыянты ў нас атрымаюцца.
А пакуль мы атрымалі варыянт Баранавіцкага строю, які спалучае ў сабе рысы Ляхавіцкага. Гэта шырокая спадніца сіняга колеру (яна магла быць і чорнага колеру) з прышытымі рознакаляровымі палоскамі. У той жа самы час у больш старых строях яны маглі вышывац-ца або адразу ткацца, але магло такое быць, што і прышываліся стужкі. Тое ж самае з сарочкай жаночай – у адных вёсках той жа самы каўнер ідзе пад рубец у зборачку, а ў іншых – стаячы каўнерык.
Баранавіцкі раён валодае багатым турыстычным патэнцыялам. У першую чаргу трэба звярнуць увагу на ўнутраны турызм, які дае шматлікія магчымасці, працягваў размову Сяргей Майсеня. Развіццю гэтай індустрыі можа дапамагчы стварэнне асабістага брэнда. Гэта слова старажытнае, і ў старажытнасці мела такі пераклад як кляймо ці нейкая фабрычная марка.
Брэнд – гэта нешта неафіцыйнае, што звязвае ўвесь народ, гэты рэгіён, яго традыцыі, светапогляд, светаадчуванне. З цягам часу паняцце развіваецца і дасягае ўжо сучаснага стану, і мы бачым у брэндзе аб’ект збыту і замацаваны за ім нейкі сімвал. Трэба, каб нехта брэнд стварыў, ніхто на талерачцы не прынясе.
– Нашу ўвагу прыцягнулі тыя помнікі архітэктуры, сакральныя пабудовы – цэрквы, касцёлы, якія існуюць на тэрыторыі раёна, – расказваў Сяргей Майсеня. – Помнікаў шмат, і знайсці нешта такое, што было б цікава для іншых, што можна было б атаясамляць з Баранавіцкім раёнам, было даволі складана. Аднак вывучыўшы інфармацыю з экспедыцый, мы прыйшлі да такіх вынікаў і стварылі, на наш погляд, цікавы элемент брэнда.
Ён зроблены ў двух варыянтах – з гліны і з прымяненнем тэхнікі роспісу па шкле. Мы тут бачым элемент з жырандолі Паўлюка Багрыма, якая знаходзіцца ў касцёле вёскі Крошын нашага раёна. Гэта сімвалізаваная лілея з жаўруком зверху. Што гэта магло б сімвалізаваць, калі мы пачалі разбірацца? Лілея расце на вадзе, а вада – тое, што дае жыццё, што дае магчымасць расці, атрымліваць ураджай і г.д. І кветка, якая насычаецца гэтай вадой, уяўляе сабой жыццё чалавека, грамадства ў тым ліку.
У чым тут ідэя жаўрука? У першую чаргу, чысціня думак, бо мы ведаем, што жаўрук – гэта птушка ранішняя, яна любіць людзей, якія паважаюць працу, якія працуюць. Злучыўшы гэтыя варыянты, атрымалі такі магчымы варыянт брэнда Баранавіцкага раёна. Гэта не значыць, што ён такі будзе. Камусьці ён падабаецца, камусьці захочацца прапанаваць свой варыянт. А мы пайшлі па такому шляху і прыйшлі да такіх вынікаў.
Міхаіл ШУБІЧ.
Фота аўтара.