Наверх

Як прайшлі ў баранавіцкай бібліятэцы “Корнеўскія чытанні”

04.12.2024 165 Наш край

chteniya-4-12_11.jpg

3 снежня ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя В. Таўлая прайшлі “Корнеўскія чытанні” – сумесны праект Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, бібліятэкі і літаратурна-музычнай гасцёўні “Крыніца”. Ён створаны ў памяць пра Алеся Корнева (1935–2022) – нашага земляка, выдатнага доктара, таленавітага паэта, светлага і сціплага чалавека, які доўгія гады быў сябрам бібліятэкі.

Упершыню “чытанні” адбыліся ў 2022 годзе, у дзень нараджэння паэта, па ініцыятыве Раісы Раманчук – кіраўніка літаратурна-музычнай гасцёўні “Крыніца”, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі і Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў.

З-пад пяра Алеся Касьянавіча выйшлі 32 зборнікі, у якіх ён з пяшчотай адклікаўся аб жанчыне, Радзіме, роднай мове і прыродзе. На сустрэчы гучалі вершы паэта. Народны вакальны ансамбль настаўнікаў сярэдняй школы № 21 «Primavera» выканаў песні на словы Алеся Корнева. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел сын паэта Вадзім і ўнук Мірон. Стала добрай традыцыяй падчас “Корнеўскіх чытанняў” успамінаць таленавітых землякоў, якіх, на жаль, ужо няма з намі.

Сёлетні год асаблівы для баранавіцкай бібліятэкі. Ён праходзіць пад знакам 110-годдзя з дня нараджэння Валянціна Таўлая (1914–1947) – паэта, публіцыста, літаратуразнаўцы, аднаго з самых адметных і яркіх удзельнікаў рэвалюцыйнага падполля і літаратурнага працэсу ў Заходняй Беларусі. Вось ужо 45 гадоў “Таўлаеўка” з гонарам носіць яго імя. 8 лютага 1992 года ў сярэдняй школе № 4 быў адкрыты народны літаратурна-краязнаўчы музей імя нашага славутага земляка. Яго заснавальнікам стала Алена Пятроўна Яхант (1939–2009) – настаўніца беларускай мовы і літаратуры, якой у гэтым годзе споўнілася б 85 гадоў. Усё сваё сэрца і душу яна аддала таму, каб музей жыў, абагачаўся экспанатамі і стаў выхаваўча-культурным цэнтрам не толькі школы, але і горада. Падчас сустрэчы гучалі напоўненыя любоўю і цяплом вершы Алены Пятроўны. На мерапрыемстве прысутнічаў яе ўнук Ігар Яхант.

85-гадовы юбілей адзначыў бы сёлета і Аляксандр Піліпавіч Ягадніцкі (1939–2015) – майстар літаратурнага слова, сціплы, добры чалавек з адкрытай душою. Яго вершы і апавяданні радавалі чытача сакавітасцю беларускай мовы, неардынарным успрыняццем навакольнага свету, пачуццём беззапаветнай любові да роднай зямлі і свайго народа.

У нашым складаным жыцці часам так не хапае адчування таго, што “просто есть мир, переполненный светом”. Гэтыя аптымістычныя радкі – з верша Юрыя Мацюшкі (1944–2022), члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтара шматлікіх паэтычных зборнікаў. Юрый Усеваладавіч меў медыцынскую адукацыю, а яго вершы па праву можна лічыць “лекамі для душы”. Акрамя паэзіі, наш зямляк захапляўся горным турызмам. Штогод удзельнічаў у складаных паходах-сплавах па горных рэках. На вершы паэта напісана шмат песен. Некаторыя з іх прагучалі падчас сустрэчы ў выкананні Алены Майсейчык – кіраўніка народнай студыі аўтарскай бардаўскай песні і паэзіі “Ваганты”. З цеплынёй расказала пра бацьку Вольга Мацюшка.

chteniya-4-12.jpg

chteniya-4-12_01.jpg

chteniya-4-12_02.jpg

chteniya-4-12_04.jpg

chteniya-4-12_08.jpgСустрэчу ўпрыгожылі музычнае выступленне Аліны Галіцкай, паэтычныя радкі ў выкананні Раісы Раманчук, Марыі Філіпавай, Антаніны Аўчыннікавай.

Прыемна было вітаць на “Корнеўскіх чытаннях” гасцей з іншых рэгіёнаў нашай краіны: члена Беларускага літаратурнага саюза “Полоцкая ветвь” Ніну Енбулаеву з горада Пінска, кіраўніка народнай паэтычнай студыі “Літаратурная правінцыя” пры Лунінецкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме Віктара Пінігіна, а таксама члена паэтычнай студыі, загадчыка Дзятлавіцкага сельскага Дома культуры Галіну Брэзіну.

chteniya-4-12_10.jpgНадзея КІПЕЛЬ, загадчык аддзела галіновай літаратуры ЦГБ імя В. Таўлая

Фота аўтара

Больш фота




  • Мы в социальных сетях: