Таленавіты паэт з Баранавіч, лаўрэат літаратурнай прэміі аблвыканкама Алесь Корнеў выдаў сваю сямнаццатую кнігу вершаў, якую назваў «Валошкавы край». Ён прысвяціў зборнік сыну і нявестцы, якія нядаўна падаравалі яму ўнука.
Алесь Корнеў па прафесіі ўрач, а паэзіяй сур’ёзна заняўся тады, калі пайшоў на заслужаны адпачынак. Ён перанёс цяжкую хваробу, перамог яе, адчуўшы сапраўдную эйфарыю ад таго, што застаўся жыць. Радасць жыцця прысутнічае ў яго вершаваных радках, і гэтага нельга не заўважыць.
У новым зборніку паэт апявае родную зямлю:
Сцежкі сцелюцца, дарожкі,
А я тую выбіраю,
Дзе падмігваюць валошкі –
Вочкі любага мне краю.
Ён філосаф і жартаўнік, і ці мала яшчэ ў якім абліччы паўстае перад намі аўтар, якога, безумоўна, цікава чытаць. Трапныя выразы, сакавітая мова не могуць не звярнуць на сябе ўвагу.
Асаблівы дзякуй Алесю Корневу за «Рэпартаж пра газетчыцу», у якім апавядаецца пра нялёгкую працу журналіста і ўпамінаецца газета «Наш край»:
У праўды сардэчнай – нязгаслае ззянне!
Яна, нібы кветка! Яна не завяне!
Чытайце газету «Наш край», грамадзяне!
А мы скажам: «Чытайце Алеся Корнева, сябры!» Яго паэзія прываблівае сваёй непаўторнасцю і арыгінальнасцю.