Наверх

“Віртуальную метадычку” па святкаванні Масленіцы стварылі і размясцілі ў свабодным доступе баранавіцкія бібліятэкары

07.02.2023 390 Наш край

Люты – месяц, багаты на святочныя нагоды: шэраг юбілейных літаратурных і гістарычных дат, прафесійныя святы. Сярод іх асобна стаяць народныя святы, якія дораць людзям зарад весялосці і бадзёрасці і шырока адзначаюцца ў нашым грамадстве.

Адно з такіх святаў – Масленіца. Яна сімвалізуе провады зімы і сустрэчу вясны і мае вельмі багатую і надзвычайна цікавую і разнастайную абрадавую гісторыю. Кожны дзень масленічнага тыдня мае сваю назву і свае традыцыі і звычаі.

Добрай традыцыяй стала ў нашым горадзе адзначаць апошні дзень масленічнага тыдня – Даравальную нядзелю – народнымі святочнымі гуляннямі. Бібліятэкары таксама не застаюцца ўбаку ад агульнагарадскога свята і штогод прадстаўляюць сваю інтэлектуальна-забаўляльную праграму для гараджан. І маленькія, і дарослыя знаходзяць на бібліятэчнай масленічнай пляцоўцы занятак па душы.

Сёлета, абагуліўшы напрацаваны вопыт, бібліятэчныя спецыялісты цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы горада Баранавічы стварылі метадычныя рэкамендацыі для святкавання Масленіцы. Гісторыя свята, звычаі і традыцыі святкавання, шэраг інтэлектуальна-гульнявых забаўлянак з “бібліятэчнай інтанацыяй”, агляд масленічнай тэматыкі ў творах літаратуры і мастацтва, тэматычныя майстар-класы, назвы і формы мерапрыемстваў для тых, хто займаецца арганізацыяй святочных масленічных лакацый – вось далёка не поўны пералік прапануемых бібліятэчнымі спецыялістамі старонак метадычных рэкамендацый.

Важная акалічнасць: рэкамендацыі маюць электронны фармат, што дазволіла аснасціць іх вялікай колькасцю гіперссылак на паўнатэкставыя дакументы і бібліяграфічныя спісы тэматычнай літаратуры. У якасці гіперссылак выступаюць ілюстрацыі, таму карыстальніку дастаткова клікнуць па фота ці малюнку, якімі багата ілюстравана віртуальная метадычка.

Выпуск № 7 метадычных рэкамендацый, якія выходзяць пад агульнай назвай, што стала своеасаблівым лінгвістычным брэндам бібліятэкі, – “Барановичи читающие” з тэмай “Шырокая Масленіца. Серпанцін ідэй” размешчаны ў свабодным доступе на бібліятэчным вэб-сайце.

Іна РУШНІЦКАЯ, загадчык сектара ЦГБ імя В. Таўлая




  • Мы в социальных сетях: