Ведаеце, дакуль жыве чалавек? Пакуль жыве памяць аб ім, аб яго ўчынках, працы, таленце. Жывы, пакуль адгукаецца ў сэрцах нашчадкаў яго імя, пакуль не зарасце травою дарога да яго хаты, жывы, пакуль існуюць вынікі яго працы. Усё роўна, што гэта за вынік – пасаджанае дрэва, пабудаваны дом ці зняты фільм. Галоўнае, гэта той след, які пакідае кожны з нас на сваім жыццёвым шляху.
Вечар памяці “Ясна свеціць зорка Пташука” аб’яднаў не толькі Мінск, Ляхавічы, Баранавічы, Баранавіцкі і Ляхавіцкі раёны, ён стаў сапраўднай данінай памяці таленавітаму рэжысёру, акцёру і сцэнарысту Міхаілу Пташуку. Арганізаваны вечар па ініцыятыве Раісы Міхайлаўны Раманчук, члена Брэсцкага абласнога Саюза пісьменнікаў, кіраўніка літаратурна-музычнай гасцёўні “Крыніца”, якая дзейнічае на базе Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Яна Чачота. Менавіта намаганні і крапатлівая работа Раісы Міхайлаўны выліліся ў грандыёзнае мерапрыемства, якое з упэўненасцю і без прыкрас можна смела назваць “Падарожжам за зоркай Пташука”. І, як у любым падарожжы, тут меліся і свой маршрут, і свае прыпынкі.
Прыпынак першы – сярэдняя школа № 13 г. Баранавічы. Менавіта тут прайшлі школьныя гады творцы. Магчыма, у сценах гэтай установы і нарадзілася яскравая зорка таленту Міхаіла Пташука. Зорка, якая вяла яго па жыцці, а сёлета прывяла на яго малую радзіму дачку Ліку Міхайлаўну Пташук, сястру Аліну, пляменніц Святлану Горку і Тамару Чарняўскую.
І ужо тут, на Баранавіцкай зямлі, ля памятнай дошкі і ўсталяванай на тэрыторыі школы кінакамеры адбылася сустрэча родных рэжысёра і прыхільнікаў яго таленту.
Прыпынак другі – вёска Федзюкі. А дакладней – невялічкая хатка, дзе прайшло дзяцінства Пташука. Зараз тут усталявана памятная дошка, ля якой як сімвал народнай памяці – ваза з кветкамі. Уваходзіш у хату і здзіўляешся: як у такім невялікім памяшканні магла зарадзіцца такая велізарная зорка кінематографу? Магла. Нарадзілася. І нават сёння з’яўляецца арыенцірам для таленавітых сучаснікаў.
Прыпынак трэці – Ляхавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка імя Янкі Купалы. Непасрэдна тут, у яе светлай зале, і прайшоў вечар памяці, прысвечаны слаўнаму сыну беларускай зямлі – Міхаілу Пташуку. Тут сабраліся не толькі родныя рэжысёра, але і мясцовыя жыхары, якія з удзячнасцю і павагай ставяцца да жыцця і творчасці свайго знакамітага земляка. Дарэчы, шмат цікавых фактаў і жыццёвых падзей былі адлюстраваны ў фільме “Ад краю да краю”, які дэманстраваўся ў пачатку мерапрыемства. Гэтая дакументальная стужка – дыпломны праект Анастасіі Мароз, у аснову якога ляглі дзённікі кінарэжысера, – знаёміць гледачоў з тымі думкамі, пачуццямі і марамі, што на працягу ўсяго жыцця нёс у сваім сэрцы творца.
І, канешне, шмат цёплых і сардэчных хвілін падарылі гледачам прадстаўнікі творчых суполак горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна. Музычныя нумары, вершы і ўспаміны, прысвечаныя гэтай легендарнай асобе – усё гэта гучала ў выкананні ўдзельнікаў літаратурна-музычнай гасцёўні “Крыніца” (кiраўнiк Раiса Раманчук, аўтар i выканаўца Алiна Галiцкая, Святлана Кропатава, Вячаслаў Хвайнiцкi, Аляксандр Дрозд, Мiрон Корнеў, Валянцiна Бернат, Соф’я Клiмец, Тамара Вайцешык, Ларыса Глеб, Вiктар Пiнiгiн) і народнага вакальнага ансамбля “PrimaVera”. Цікава было слухаць успаміны з першых вуснаў, якімі шчодра дзяліліся дачка і родныя Міхаіла. Дарэчы, плануючы гэтую сустрэчу, Раіса Раманчук знайшла і наладзіла кантакты з яго аднакласнікамі. Але, на жаль, па стане здароўя і іншых прычынах яны не змаглі прысутнічаць на мерапрыемстве.
Як прайшла сустрэча? Здаецца, на адным дыханні. Так адбываецца заўсёды, калі на мерапрыемствах ідзе гаворка пра людзей таленавітых, яскравых і адданых сваёй справе, і, як бы пафасна гэта не гучала, адданых свайму народу, сваёй Радзіме. Пра такіх людзей, як Міхаіл Пташук.
Святлана Кропатава, загадчык аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы ЦРБ імя Яна Чачота