Наверх

У Баранавічах адкрылася рэспубліканская выстава, прысвечаная Еўфрасінні Полацкай

15.08.2025 113 Наш край

Беларуская зямля падарыла свету шмат выдатных і знакамітых людзей, якія праславілі яе высокімі духоўнымі і маральнымі подзвігамі, сталі сімвалам праведнасці, высокай духоўнасці, узорам самаадданага служэння свайму народу.

Больш за восем стагоддзяў назад у Полацку на свет з’явілася дзяўчынка, якой наканавана было далучыць да свайго імя назву роднага горада. Унучка славутага Усяслава Чарадзея, князёўна, ігумення, асветніца і мецэнатка –Еўфрасіння Полацкая. Без гэтага імя не магчыма ўявіць не толькі панараму духоўнага жыцця на ўсходнеславянскіх землях у ХІІ стагоддзi, але і ўсю шматвяковую гісторыю Беларусі.

_0002 (4).JPG15 жніўня ў Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя В. Таўлая адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы па выніках VIII Міжнароднага мастацкага пленэру «Святость земли Белорусской», прысвечанага 850-годдзю з дня смерці прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Упершыню праект быў прэзентаваны 31 кастрычніка 2023 г. у Нацыянальным Мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь у рамках Года міру і стварэння.

Арганізатарамі пленэру выступілі Беларуская Праваслаўная Царква, грамадскія аб’яднанні “Беларускі саюз мастакоў”, “Беларускі саюз жанчын”, “Беларускі саюз журналістаў”, таварыства з абмежаванай адказнасцю “БелинжинирингстройИнвест”. Удзел у праекце прынялі мастакі з Беларусі, Расіі і Малдовы. Сярод іх – вядомыя майстры і маладыя мастакі. На выставе прадстаўлены 33 творы: пейзажы, нацюрморты, сюжэтныя і сімвалічныя кампазіцыі, частка з якіх прысвечана жыццёваму шляху прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Да ўвагі наведвальнікаў выставы – работы фіналістаў рэспубліканскага конкурсу дзіцячага малюнка на тэму “Евфросиния Полоцкая – покровительница и небесная заступница земли белорусской”, праведзенага ў рамках пленэра.

_0002 (5).JPG

Рэспубліканскую выставу, прысвечаную адной з самых яркіх жанчын у духоўным жыцці Беларусі, афіцыйна адкрыў намеснік старшыні Баранавіцкага гарадскога выканаўчага камітэта Вадзім Шчарбакоў.

_0002 (8).JPGПраз стагоддзі саграваюць нашыя душы вера і цёплыя малітвы нябеснай заступніцы зямлі беларускай Еўфрасінні Полацкай. Яна ўвайшла ў гісторыю як заснавальніца самага вядомага праваслаўнага цэнтра Беларусі – Спаса-Праабражэнскага манастыра ў Полацку. Сёння гэта месца паломніцтва для шматлікіх веруючых з усяго свету, якое захоўвае багатую гісторыю і бясцэнныя духоўныя рэліквіі. Еўфрасіння Полацкая першай з жанчын была кананізавана Рускай Праваслаўнай царквой. А ў 1984 г. прылічана да Сабора Беларускіх святых.

_0002 (6).JPG

З прывітальным словам да гасцей мерапрыемства звярнуўся благачынны Баранавіцкай царкоўнай акругі, протаіерэй Віталій Лазоўскі.

_0002 (7).JPGЦёплую і ўзвышаную атмасферу ўспамінаў аб прападобнай Еўфрасінні падтрымаў Хор духавенства Баранавіцкага благачыння, выканаўшы некалькі песнапенняў.

_0002 (10).JPGТое, што адкрыццё выставы адбылося менавіта ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя В. Таўлая, – не выпадковасць. Публічныя бібліятэкі горада занялі важнае месца ў фарміраванні праваслаўнага светапогляду гараджан, сталі месцам духоўнай асветы. На шляху да прызнання грамадствам гэтай ролі бібліятэк праведзена вялікая праца. Больш за 20 гадоў, дзякуючы супрацоўніцтву з храмам святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага, у гарадскіх бібліятэках праводзяцца Праваслаўныя чытанні “Духоўнасць і кніга”. Паспяхова зарэкамендавалі сябе каменціраваныя чытанні духоўнай літаратуры з наведвальнікамі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, сацыякультурныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да значных святаў праваслаўнага календару. 

_0002 (12).JPGНеаднаразова цэнтральная гарадская бібліятэка на высокім узроўні прымала духоўна-асветніцкія праекты рэспубліканскага значэння, сярод якіх выстава, прысвечаная мітрапаліту Філарэту, ганароваму Патрыяршаму экзарху усяе Беларусі. Трывалым фундаментам для арганізацыі працы ў гэтым накірунку стала фарміраванне багатай калекцыі праваслаўнай літаратуры, таму што менавіта кніга – нязменная крыніца ведаў аб духоўным жыцці і хрысціянскай маралі.

karlukevich-.jpgСюрпрызам для прысутных стала выступленне старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алеся Карлюкевіча.

_0002 (9).JPGВыключнае значэнне асветніцкай, духоўнай, падзвіжніцкай дзейнасці Еўфрасінні Полацкай для цяперашняга пакалення адзначыла падчас выступлення лідар гарадскога аддзялення партыі “Белая Русь” Алена Салавей.

_0002 (11).JPGСвятая Еўфрасіння – гераіня шматлікіх твораў беларускіх пісьменнікаў. Сведчаннем таму сталі літаратурныя выступленні члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўніка літаратурна-творчага аб’яднання “Купальскія зоры” Таццяны Яцук і паэта Юрыя Мазалевіча.

Імя Еўфрасінні Полацкай займае асаблівае, пачэснае месца ў нашай гісторыі. “… Была яна дапамогай пакрыўджаным, суцяшэннем смуткуючым, распранутым – адзеннем, хворым – наведаннем ці, проста кажучы, – для ўсіх была ўсім…”. Добрыя справы, здейсненыя княжной-ігуменней для роднага краю, ніколі не знікнуць з людской памяці. Помніць і ўслаўляць святую Еўфрасінню яшчэ многія стагоддзі будуць у яе родным Полацку і па ўсёй Беларусі.

Яркім упрыгожаннем мерапрыемства стаў музычны нумар у выкананні салісткі узорнай эстраднай студыі “VOX” Валерыі Ракач.

_0002 (1).JPG

_0002 (2).JPGУрачыстае мерапрыемства наведалі прадстаўнікі Баранавіцкай гарадской арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”, мясцовыя творцы, моладзь, чытачы і госці бібліятэкі.

Усіх, каго зацікавіў слаўны лёс святой зямлі Беларускай – прападобнай Еўфрасінні Полацкай, бібліятэка запрашае на выставу, якая прадоўжыцца да 7 верасня.

Яшчэ больш фотаздымкаў з адкрыцця выставы можна ўбачыць тут.

Надзея КIПЕЛЬ, загадчык аддзела галіновай літаратуры ЦГБ імя В. Таўлая

Фота Алены АЛЬПЯРОВIЧ




  • Мы в социальных сетях: