Наверх

Узнагарод, як чарнаморскага пяску

29.06.2013 416 Наш край

Ансамбль «Карусель» гарадской дзіцячай харэаграфічнай школы мастацтваў, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль сучаснага бальнага танца «Фіеста», народны клуб творчай моладзі  «Мерыдыян» гарадскога Дома культуры і ўзорны ансамбль народнага танца «Мацейка» 13-й сярэдняй школы вярнуліся
з Балгарыі, дзе ў курортным гарадку Кранева на чарнаморским узбярэжжы праходзіў міжнародны фестываль  «Хваля ідэй – 2013».

На фестываль сабралася 40 калектываў з Балгарыі, Беларусі, Расіі, Украіны, краін Балтыі. Журы высока адзначыла творчасць харэографаў і выканаўчае майстэрства прадстаўнікоў нашага горада.

Ураджайным на ўзнагароды стаў фестываль для ансамбля  «Карусель». У намінацыі «Эстрадны танец: ансамбль» калектыў атрымаў дыплом І ступені за пастаноўкі «Джазкактэйль» і «Модны прыгавор».

Намінацыя «Эстрадны танец: малая форма» прынесла ансамблю дыплом лаўрэата І ступені за пастаноўкі «Музычны куфэрак» і «Маміна сэрца». Званне лаўрэата ІІ ступені калектыў атрымаў за пастаноўкі «Скакуха» і «Калода» у намінацыі «Народна-сцэнічны танец: ансамбль».

Салістка ансамбля Яна Верабей удастоена звання лаўрэата І ступені за выкананне нумароў «Валенкі» і «Ластаўка» у намінацыі «Народна-сцэнічны танец: сола».

Над падрыхтоўкай конкурсных нумароў шчыравалі харэографы Вольга Міховіч, Святлана Рыбак і Кацярына Кармазіна.

У конкурсе эстраднага вакала ва ўзроставай катэгорыі 10–12 год выступіла Каця Дыдышка (кіраўнік Надзея Семянкова), якую ўзнагародзілі дыпломам лаўрэата ІІІ ступені; ва ўзроставай катэгорыі 13–15 год – Ульяна Пешкава (кіраўнік Віктар Кураў), дыплом лаўрэата І ступені; ва ўзроставай катэгорыі ад 16 год і старэйшыя – Наталля Янушка (кіраўнік Елізавета Войтуль), дыплом лаўрэата ІІ ступені. Усе яны прадстаўляюць народны клуб творчай моладзі «Мерыдыян».

Пацвердзіла свой клас і  «Фі-еста» (кіраўнік Алена Фаміна).

У намінацыях «Эстрадны танец: ансамбль» (да 12 год) – дыплом лаўрэата ІІ ступені; «Бальны танец: дуэт» –  дыплом лаўрэата ІІ ступені атрымалі Макар Мелехавец і Ксенія Стральчэня. Ад 16 год і старэйшыя – дыплом лаўрэата І ступені ў Яўгена і Наталлі Ананька; «Бальны танец: змешаны састаў» – дыплом лаўрэата І ступені.

У намінацыі  «Інструментальны жанр» Кірыл Кастыка за сола на саксафоне ўзнагароджаны дыпломам лаўрэата І ступені.

Стаў лаўрэатам і ўзорны ансамбль народнага танца  «Мацейка» у намінацыі  «Народны танец» (кіраўнік Таццяна Варашылава).

А ў выніку ансамблю «Карусель», народнаму клубу творчай моладзі  «Мерыдыян» і ансамблю сучаснага бальнага танца  «Фіеста» былі ўручаны галоўныя ўзнагароды фестывалю – кубкі «Залатая хваля». Арыфметыка тут такая: спаборнічала 40 калектываў, 7 атрымалі вышэйшыя ўзнагароды, тры з іх – нашы.

На фестывалі праводзіліся і розныя творчыя конкурсы, за перамогу ў якіх журы адзначыла ансамбль  «Карусель», народны клуб творчай моладзі «Мерыдыян» і ансамбль сучаснага бальнага танца  «Фіес­та» яшчэ адной высокай узнагародай – кубкам «Крэатыўная хваля».



  • Мы в социальных сетях: