Сёння ў гімназіі № 4 урок «Чытаем па-беларуску з velcom» правёў Юрый Жыгамонт, вядомы па тэлеперадачы «Падарожжа дылетанта».
Незвычайны настаўнік дэкламаваў творы беларускіх класікаў, загадваў дзецям загадкі, перакладаў разам з імі словы з рускай мовы на беларускую і наадварот. Гімназісты прадэманстравалі госцю, што добра ведаюць абедзве дзяржаўныя мовы.
Падобныя заняткі пройдуць таксама ў гімназіі № 1, сярэдніх школах № 7 і 18 нашага горада. Гэта частка сацыяльнай адукацыйнай ініцыятывы, якую распачаў аператар мабільнай сувязі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Праект павінен ахапіць 150 школ па ўсёй Беларусі. Перад хлопцамі і дзяўчынкамі выступяць Уладзімір Ліпскі, Раіса Баравікова, Наталля Бучынская і іншыя вядомыя пісьменнікі, паэты, дзеячы беларускай культуры.
Віталь ГЕРЦАЎ.
Фота Барыса НАВАГРАНА.