Прыгожым майскім днём, які быў напоўнены не толькі цяплом сонечных промняў, але і вялікай радасцю і хваляваннем, у парафіі Святога Яна Паўла II адбылася ўрачыстасць Першай святой Камуніі. 14 дзяцей упершыню цалкам удзельнічалі ў Эўхарыстыі.
На працягу двух гадоў дзеткі старанна рыхтаваліся да гэтай падзеі: прыходзілі на катэхезы, удзельнічалі ў святой нядзельнай Імшы, рэкалекцыях і розных сустрэчах.
У сваім казанні ксёндз пробашч Віталій падкрэсліў выключную ролю гэтага дня і заахвоціў маленькіх вернікаў быць прыкладам для сваіх бацькоў.
Асаблівым момантам падчас Літургіі было адрачэнне ад зла і вызнанне веры дзеткамі ў прысутнасці бацькоў, хросных, родных і іншых парафіянаў, пасля чаго можна было годна прымаць Цела Хрыста ў сваё сэрца.
Ірына ЧУГУНКОВА
Фота аўтара