Наверх

«У жыце збірала валошкі…»

28.11.2012 465 Наш край

Галоўную справу на гэтым свеце Браніслава Лапкоўская, думаецца, зрабіла, калі нарадзіла пяцёра дзяцей. 

«Маё жыццё у адным клопаце было – выхаваць дзяцей, – кажа яна. – Старалася, каб сыны і дачка ў чыстым адзенні хадзілі, каб у доме прыбрана было». Мацярынства хоць 

і выйшла на першы план, але захапленне літаратурай па-ранейшаму засталося з жанчынай. У вольную хвілінку яна запісвала ўласныя вершаваныя радкі на лісткі паперы, марачы калі-небудзь выдаць зборнік.

Дзеці выраслі, трое сыноў, напрыклад, працуюць там, дзе працаваў муж і яна сама да выхаду на пенсію – у баранавіцкім аўтапарку. І Браніслава Міхайлаўна акунулася ў спасціганне таямнічага свету паэзіі. Пачала хадзіць на заняткі літаратурнага аб’яднання пры нашай газеце, у якой надрукавала свой першы верш. З’яўляецца членам клуба «Ліра» пры гарадскім Доме культуры, дэкламуе вершы перад грамадскасцю горада і раёна, удзельнічае ў мерапрыемствах цэнтральнай гарадской бібліятэкі. Дарэчы, заўтра бібліятэка збіраецца наладзіць творчую вечарыну, прысвечаную 75-гадоваму юбілею з дня нараджэння Браніславы Лапкоўскай.

Яна нарадзілася ў вёсцы Пастарынне і паходзіць са знакамітага роду Прушынскіх (гэта дзявочае прозвішча Браніславы Міхайлаўны), з’яўляецца сваячкай вядомага беларускага літаратара Алеся Гаруна (Прушынскага). Яе дзяды і прадзеды былі адукаванымі людзьмі, асветнікамі, і яна стараецца быць падобнай да іх. Браніслава Лапкоўская прапагандуе беларускую мову, вучыць
патрыятызму, у аснове якога ляжыць любоў да Радзімы.

Тут Радзіма і сумленне,

Мама і калыска,

І маленства, і ўзнёсласць –

Сэрцу вельмі блізка.

Яна з замілаваннем і настальгіяй піша пра родную вёску і хатку, пра дзяцінства і юнацтва:

Па дарожках па тых,

дзе хадзіла калісьці,

Дзе ў жыце збірала валошкі,

Мне ў чоўне ў казачным

хочацца плысці

У сукенцы дзявочай у гарошкі…

Самыя дарагія ўспаміны – пра маці, якая «ціха так ступала, каб даўжэй я спала». Бацька Браніславы Міхайлаўны загінуў на вайне, і маці была самым блізкім чалавекам.

А ўсё, што было сказана табою,

І тыя песні над калыскай ранкам,

Усё ўвайшло ў паэзію са мною,

Як тыя зоркі ў небе на світанку.

Усё, што хвалюе, занатоўваецца на паперы: рэальная гісторыя пра жанчыну з вёскі, што пайшла баранаваць поле і падарвалася на міне ваенных часоў; эмоцыі абурэння выклікалі паводзіны нелюдзяў,  разбурыўшых помнікі на могілках («Не нішчыце магільных курганоў!»). Прыгажосць прыроды ўвасабляецца ў шчырых радках («На галінках той рабіны ліўся голас салаўіны»).

Браніслава Лапкоўская здзейсніла мару і выдала тры зборнікі ўласных вершаў, каб пакінуць іх дзецям, унукам і праўнукам. Гэта своеасаблівы аповяд пра яе жыццё.

 

Браніслава ЛАПКОЎСКАЯ

Буслы

З поўдня бусел з бусліхай

Прыляцелі ў сяло.

Не на дрэве – на даху

Будуць ладзіць жытло.

Хтосьці ўздумаў на вільчык

Усцягнуць барану.

Тонкім веццем, чаротам

Па краях агарнуў.

Птушкі радасна танчаць

І клякочуць наўздых,

Аглядаюць прастору,

Што для іх, для дваіх.

Рабіна

 

Каля хаткі, сэрцу мілай,

Пахілілася рабіна.

Вецер дзьмуў у комін-вуха,

Ціха-ціха яе слухаў.

На галінках той рабіны

Ліўся голас салаўіны.

І спявалі птахі хорам,

Потым усе ляцелі ўгору.

Разляталіся па свеце

Салаўіхі-маці, дзеці,

Каб сабраць крыху зярнятак

І вярнуцца зноў да хатак.

А рабіна ўсё стаяла,

Салаўёў прылёт чакала.

Хатка

 

Там, дзе сум і подых бору,

У тры ваконцы свеціць хатка,

І з лясной травой гаворыць

Буракоў і бульбы градка.

Дзе жаўцеюць тры загоны,

І на кожным па дубочку,

Штосьці шэпча бор зялёны

І глядзіцца ў ручаёчкі.

І відаць, як сонца грае,

Зіхацяць так промні горда.

Сэрца тут аж замірае

Ад птушынага акорда.



  • Мы в социальных сетях: