Галоўную справу на гэтым свеце Браніслава Лапкоўская, думаецца, зрабіла, калі нарадзіла пяцёра дзяцей.
«Маё жыццё у адным клопаце было – выхаваць дзяцей, – кажа яна. – Старалася, каб сыны і дачка ў чыстым адзенні хадзілі, каб у доме прыбрана было». Мацярынства хоць
і выйшла на першы план, але захапленне літаратурай па-ранейшаму засталося з жанчынай. У вольную хвілінку яна запісвала ўласныя вершаваныя радкі на лісткі паперы, марачы калі-небудзь выдаць зборнік.
Дзеці выраслі, трое сыноў, напрыклад, працуюць там, дзе працаваў муж і яна сама да выхаду на пенсію – у баранавіцкім аўтапарку. І Браніслава Міхайлаўна акунулася ў спасціганне таямнічага свету паэзіі. Пачала хадзіць на заняткі літаратурнага аб’яднання пры нашай газеце, у якой надрукавала свой першы верш. З’яўляецца членам клуба «Ліра» пры гарадскім Доме культуры, дэкламуе вершы перад грамадскасцю горада і раёна, удзельнічае ў мерапрыемствах цэнтральнай гарадской бібліятэкі. Дарэчы, заўтра бібліятэка збіраецца наладзіць творчую вечарыну, прысвечаную 75-гадоваму юбілею з дня нараджэння Браніславы Лапкоўскай.
Яна нарадзілася ў вёсцы Пастарынне і паходзіць са знакамітага роду Прушынскіх (гэта дзявочае прозвішча Браніславы Міхайлаўны), з’яўляецца сваячкай вядомага беларускага літаратара Алеся Гаруна (Прушынскага). Яе дзяды і прадзеды былі адукаванымі людзьмі, асветнікамі, і яна стараецца быць падобнай да іх. Браніслава Лапкоўская прапагандуе беларускую мову, вучыць
патрыятызму, у аснове якога ляжыць любоў да Радзімы.
Тут Радзіма і сумленне,
Мама і калыска,
І маленства, і ўзнёсласць –
Сэрцу вельмі блізка.
Яна з замілаваннем і настальгіяй піша пра родную вёску і хатку, пра дзяцінства і юнацтва:
Па дарожках па тых,
дзе хадзіла калісьці,
Дзе ў жыце збірала валошкі,
Мне ў чоўне ў казачным
хочацца плысці
У сукенцы дзявочай у гарошкі…
Самыя дарагія ўспаміны – пра маці, якая «ціха так ступала, каб даўжэй я спала». Бацька Браніславы Міхайлаўны загінуў на вайне, і маці была самым блізкім чалавекам.
А ўсё, што было сказана табою,
І тыя песні над калыскай ранкам,
Усё ўвайшло ў паэзію са мною,
Як тыя зоркі ў небе на світанку.
Усё, што хвалюе, занатоўваецца на паперы: рэальная гісторыя пра жанчыну з вёскі, што пайшла баранаваць поле і падарвалася на міне ваенных часоў; эмоцыі абурэння выклікалі паводзіны нелюдзяў, разбурыўшых помнікі на могілках («Не нішчыце магільных курганоў!»). Прыгажосць прыроды ўвасабляецца ў шчырых радках («На галінках той рабіны ліўся голас салаўіны»).
Браніслава Лапкоўская здзейсніла мару і выдала тры зборнікі ўласных вершаў, каб пакінуць іх дзецям, унукам і праўнукам. Гэта своеасаблівы аповяд пра яе жыццё.
Браніслава ЛАПКОЎСКАЯ
Буслы
З поўдня бусел з бусліхай
Прыляцелі ў сяло.
Не на дрэве – на даху
Будуць ладзіць жытло.
Хтосьці ўздумаў на вільчык
Усцягнуць барану.
Тонкім веццем, чаротам
Па краях агарнуў.
Птушкі радасна танчаць
І клякочуць наўздых,
Аглядаюць прастору,
Што для іх, для дваіх.
Рабіна
Каля хаткі, сэрцу мілай,
Пахілілася рабіна.
Вецер дзьмуў у комін-вуха,
Ціха-ціха яе слухаў.
На галінках той рабіны
Ліўся голас салаўіны.
І спявалі птахі хорам,
Потым усе ляцелі ўгору.
Разляталіся па свеце
Салаўіхі-маці, дзеці,
Каб сабраць крыху зярнятак
І вярнуцца зноў да хатак.
А рабіна ўсё стаяла,
Салаўёў прылёт чакала.
Хатка
Там, дзе сум і подых бору,
У тры ваконцы свеціць хатка,
І з лясной травой гаворыць
Буракоў і бульбы градка.
Дзе жаўцеюць тры загоны,
І на кожным па дубочку,
Штосьці шэпча бор зялёны
І глядзіцца ў ручаёчкі.
І відаць, як сонца грае,
Зіхацяць так промні горда.
Сэрца тут аж замірае
Ад птушынага акорда.