Наверх

У цэнтральнай гарадской бібліятэцы прайшоў абласны семінар

21.11.2014 341 Наш край

Учора ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Валянціна Таўлая прайшоў абласны семінар работнікаў цэнтральных бібліятэк Брэстчыны. Яны разгледзелі стан краязнаўчай дзейнасці і магчымасці ўдасканалення гэтага кірунку работы ў публічных бібліятэках.

А сёння ў чытальнай зале нашай бібліятэкі а 11 гадзіне адбудзецца прэзентацыя пяці першых кніг факсімільнага выдання «Кніжная спадчына Францыска Скарыны» і ўрачыстая цырымонія перадачы іх у дар абласной і цэнтральным бібліятэкам Брэсцкай вобласці. Прэзентацыю правядуць прадстаўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – яе дырэктар, доктар педагагічных навук, прафесар Раман Матульскі і загадчык навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Марына Пшыбытка.

Адзначым, што летась і сёлета Нацыянальная бібліятэка Беларусі сумесна з банкам БелВЭБ рэалізавала першую частку агульнанацыянальнага праекта па выпуску факсімільнага выдання поўнага збору твораў Францыска Скарыны, першыя пяць тамоў ужо пабачылі свет. Выдавецкі праект разлічаны на 2013–2017 гады і прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

Шматтомнае факсімільнае выданне ўпершыню дазволіць сабраць усе кнігі, надрукаваныя Францыскам Скарынам у Празе і Вільні. У яго аснову пакладзены электронныя копіі найлепш захаваных кніг першадрукара, якія захоўваюцца ў бібліятэках і музеях Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі і іншых краін.

Усе выданні суправаджаюцца каментарыямі навукоўцаў, а таксама ўпершыню здзейсненымі перакладамі прадмоў і пасляслоўяў Францыска Скарыны на сучасныя беларускую, рускую і англійскую мовы. Факсімільнае ўзнаўленне пазнаёміць шырокую грамадскасць з адным з найбольш каштоўных скарбаў кніжнай культуры Беларусі.

Наталля ВРУБЛЕЎСКАЯ, загадчык аддзела метадычнай і аналітычнай работы цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя В.П. Таўлая

Збіральнікі спадчыны

Бібліятэчнае краязнаўства, якому быў прысвечаны абласны семінар работнікаў гэтых устаноў культуры, вельмі важны кірунак дзейнасці. Ён разглядае бібліятэкі як збіральнікаў дакументнай спадчыны. Падчас семінара, які праходзіў у нашым горадзе, мы пагутарылі пра розныя бакі краязнаўчай работы публічных бібліятэк з Таццянай Кузьмініч – намеснікам дырэктара па інфармацыйных рэсурсах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

– Таццяна Васільеўна, чаму ўзнікла неабходнасць размовы пра рэгіянальнае краязнаўства: гэта планавае пытанне ці існуюць нейкія праблемы ў гэтай галіне?

– Тэма не выпадковая, яна не знаходзіцца ў заняпадзе. Але выявілася праблема: шэраг дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Беларусі проста адсутнічае у нашай краіне. Мы з гэтым сутыкнуліся, калі ў 2010-2013 гадах стваралі СD-дыск, прысвечаны Памятным кнігам беларускіх губерній. Ведаеце, Памятныя кнігі выходзілі з сярэдзіны ХІХ да пачатку ХХ стагоддзяў і адлюстроўвалі кожны рэгіён вельмі падрабязна. Гэта былі своеасаблівыя краязнаўчыя, часам гісторыка-краязнаўчыя матэрыялы, збіралі іх мясцовыя статыстычныя камітэты, і для сучасных гісторыкаў яны вельмі карысныя. Але калі мы пачалі лічбаваць гэтыя Памятныя кнігі, то сутыкнуліся з такой праблемай: па Мінскай губерніі, напрыклад, у краіне было менш паловы ад агульнай колькасці іх выпускаў. А гэтыя ж кнігі былі штогадовыя. І паловы іх не знайшлося не толькі ў Нацыянальнай бібліятэцы, але і на тэрыторыі Беларусі. Тыя кнігі, якіх не хапала, мы адшуквалі ў іншых краінах – у фондасховішчах бібліятэк, архіваў, музеяў.

– Трэба разумець, што Нацыянальная бібліятэка Беларусі так ці інакш кіруе працэсам збору нашай дакументнай спадчыны і зацікаўлена ў тым, каб гэтая справа добра развівалася. А рэгіянальныя бібліятэкі павінны заняць гэту нішу збірання спадчыны і годна рабіць сваю справу.

– Нацыянальная бібліятэка адказвае перш за ўсё за нацыянальны дакументны паток, яго захаванне, бібліяграфічнае адлюстраванне і папулярызацыю. Краязнаўчыя дакументы – гэта кнігі, часопісы, газеты.

І ўсё, што тычыцца таго ці іншага краю, з’яўляецца часткай нацынальнай дакументнай спадчыны. Таму Нацыянальная бібліятэка імкнецца арганізаваць гэту дзейнасць. І арганізаваць яе як з пункту гледжання стварэння бібліятэчнага рэсурса – нацыянальнага, краязнаўчага, так і з пункту гледжання накаплення гэтых рэсурсаў, захавання бібліятэчных фондаў.

– І як працуюць у гэтым кірунку, у галіне краязнаўства,  рэгіянальныя бібліятэкі?

– Даволі актыўна. Імі ствараюцца вельмі добрыя бібліяграфічныя базы даных. Прычым яны робяць гэта так, як не зробіць ні адна іншая ўстанова і ў Беларусі, і ў свеце. Таму вельмі важна, што мы сёння сустрэліся ў Баранавічах, каб пагаварыць пра розныя краязнаўчыя аспекты ў нашай рабоце, а таксама аб праблемах каардынацыі і карпаратыўнага ўзаемадзеяння бібліятэк Брэстчыны.

– І тым, хто ў рэгіянальных бібліятэках займаецца навуковай дзейнасцю, інфармацыйнымі тэхналогіямі, трэба разумець, ёсць у каго павучыцца збіранню краязнаўчых дакументаў, захаванню нацыянальнай спадчыны?

– Нацынальная бібліятэка Беларусі імкнецца захоўваць нацыянальную спадчыну, рэгіянальную ў тым ліку, і зрабіць яе лічбавае ўзнаўленне. У наступным годзе разам з Віцебскай абласной бібліятэкай і кафедрай крыніцазнаўства БДУ мы распачынаем вялікі навукова-даследчы праект пад назвай «Віртуальная рэканструкцыя дакументаў і матэрыялаў па рэгіянальнай гісторыі Беларусі». Ён будзе тычыцца дзейнасці Віцебскай архіўнай камісіі і Віленскай археаграфічнай камісіі.

Ёсць у нас таксама імкненне стварыць добры электронны інфармацыйны рэсурс, прысвечаны 175-годдзю з дня стварэння Горы-Горацкага земляробчага інстытута. Плануем рэалізаваць яго з бібліятэкай Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. І калі Брэсцкі рэгіён далучыцца да гэтай справы і ў нас з’явіцца новая тэма, мы будзем вельмі ўдзячны. Таму, як адзін з вынікаў семінара, я хачу, каб новыя ўдзельнікі нашага праекта былі побач з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і разам узнаўлялі і захоўвалі гісторыю нашай краіны.

 

Гутарыў Міхаіл ШУБІЧ.



  • Мы в социальных сетях: