Апранутыя ў нацыянальныя касцюмы, з акардэонам у руках хлопцы ды дзяўчаты паведамілі ўсёй сярэдняй школе № 10 пра пачатак тыдня беларускай культуры.
На імпрэзу «Запрашаем пагуляць» вучняў школы заклікала песня. А там ужо іх сустрэлі вядомыя героі: Гаспадар, Гаспадыня, Дачка, Музыка і Дамавік, якія прыходзілі ў панядзелак у кожны клас. На прызбе вучняў чакалі лінгвістычныя гульні «Цікава пра сінонімы», «Ці ведаеш ты фразеалагізмы»; убачылі дзеці беларускія народныя танцы «Лявоніху» і «Крутуху», паўдзельнічалі ў беларускім караоке «Спяваем разам», а таксама развучылі народныя танцы.
Вучні многае даведаліся пра наш другі хлеб – бульбу, прыгатаванне разнастайных страў з гэтай гародніны падчас правядзення конкурснай праграмы «Мой край, мой рай бульбяна-жытні».
Падчас лінгвістычнай гульні «Вандроўка па родным краі» дзеці прайшлі па сцяжынках сваёй краіны, пагулялі па прасторах лексікі ўдзельнікі конкурса эрудытаў «Слова роднае – вечнасці слова».
Вучні пачатковых класаў убачылі спектакль «Як перавыхаваць царэўну» – яго падрыхтавалі дзеці, якія наведваюць факультатыўныя заняткі «Асновы праваслаўнай культуры».
А 5 лютага завяршыць тыдзень беларускай культуры свята гумару «Смяяцца не грэх».
Папулярызацыя беларускай мовы, знаёмства вучняў школы з беларускай культурай, выхаванне пачуцця патрыятызму, жадання захаваць і перадаць наступным пакаленням багатую спадчыну беларускага народа – вось мэты падобных акцый, якія праходзяць у навучальных установах нашага краю, дарэчы, не толькі ў Год культуры.
Алена АЛЕШКА, кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 10.