На суд гледачоў народны тэатр “На Мышанцы” прадставіў спектакль па п’есе Барыса Сачанкі “Ехала – упала…”.
На мой погляд (а мне давялося выканаць адну з галоўных роляў), гэта ‒ спектакль-малітва, спектакль-пакаянне, спектакль-запавет з надзвычай складанай сюжэтнай лініяй: родныя, блізкія людзі бяруць на душу смяротны грэх – загубіць ні ў чым не павіннае немаўлятка, каб уратаваць ад ганьбы дачку-пляменніцу. Але хіба такое магчыма: пайсці на кампраміс-хаўрус са злачынствам і смерцю дзеля асабістага жыцця і адноснага спакою?!
Амаль год з паловай ішлі рэжысёр Станіслаў Пшэўлоцкі і акцёры тэатра Вікторыя Чабатар, Захар Русакевіч, Галіна Чудук, Анатоль Манаеў, Часлава Кавелька, Уладзімір Ліцкевіч, Міхаіл Сідарэвіч (навучэнцы, супрацоўнікі і ветэраны ліцэя) да здзяйснення сваёй запаветнай мары. І не пашкадавалі аб гэтым. Спектакль, дзякуючы таленавіта-крэатыўнай сцэнічнай пастаноўцы рэжысёра, нясе такі магутны маральна-этычны патэнцыял, які не можа пакінуць раўнадушным нікога (прычым, як аказалася, незалежна ад узросту). Сюжэтная канва кранае душы гледачоў да самых патаемных глыбінь, прымушаючы задумацца над жыццесцвярджальнымі ісцінамі “народнай педагогікі”.
Вялікія сцвярджаюць, што талент – гэта не проста “боскі пацалунак”, а праца, паўсядзённая, на першы погляд непрыкметная, руцінная, але і плённая, бо прыносіць жыватворную радасць адкрыццяў і перамог. А праца Станіслава Пшэўлоцкага (дарэчы, кожны раз адкрываю гэтага, па-сапраўднаму творчага чалавека нанова і нанова)– гэта справа ўсяго яго жыцця, бесперапыннае самаўдасканаленне, сумненні і азарэнні, падзенні і ўзлёты, знаходкі і страты. Гэта, без усякай патэтыкі, і бяссонныя ночы, і шэрагі бясконцых рэпетыцый, і цяжкасці ўвасаблення задумак на сцэне, у рэаліях. І пошукі, пошукі, пошукі… Цікавых, неардынарных матэрыялаў, акцёраў-аматараў, якія змогуць дастойна ўвасобіць у жыццё задумку рэжысёра. І ўсё гэта дзеля адзінай мэты: каб яго тварэнні, спектаклі знайшлі прызнанне і жывы водгук у душах і сэрцах гледачоў. Намаганні Станіслава Станіслававіча даюць сапраўды цудоўны плён. І сведчанне таму – шматлікія граматы, дыпломы, падзячныя лісты.
Збаўляць тэмпы рэжысёр не збіраецца, і гэта так яскрава прадэманстравала вышэйназваная прэм’ера. Кожнае слова, кожная дзея спектакля ўзняла, выкрышталізавала вечныя, самыя востра-балючыя праблемы нашага жыцця, што не страцілі і не страцяць сваёй злабадзённасці, пакуль жыве, існуе на свеце чалавек, чалавецтва.
А яшчэ спектакль прымушае задумацца і аб тым, што шчасце сапраўднага кахання залежыць ад Ісцін, вывераных стагоддзямі, а гэта значыць – самім жыццём, каханне – гэта гармонія душы і цела. Хай жа будзе так, а не наадварот, бо менавіта такія памылкі часта прыводзіць да непазбежных трагедый і беззваротных страт…
Рэжысёрскае вырашэнне тэмы і ідэі п’есы Б. Сачанкі, ураджэнца Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці (дарэчы, земляка мастака-пастаноўшчыка тэатра Д. Патапавай), неназойліва-рэалістычна скіроўвае, канцэнтруе ўвагу гледачоў на неаспрэчным факце: ніякія жыццёвыя абставіны і памылкі не даюць права на забойства, права вырашаць лёсы чалавечыя па ўласнаму разуменню нават дзеля, здавалася б, “высакародных” мэт і рахункаў.
І апошняе. Нам усім вельмі премна і радасна, што па ходу спектакля проста фізічна адчуваўся дыялог Душ тых, хто на сцэне, і тых, хто ў глядзельнай зале (дарэчы, быў поўны аншлаг). Было бачна па ўсім: гледачы адчувалі, разумелі, прымалі магутны пасыл- пажаданне, які ад усяго сэрца неслі ім выканаўцы такіх няпростых вобразаў спектакля:“Людзі! Не паўтарайце нашых памылак! Хай будзе мір і лад ў вашых семьях, у вашых душах! Хай нараджаюцца і гадуюцца ў шчасці вашы дзеткі і ўнукі! І праклён табе, вайна-забойца!..”
З.М. Кабушка, бібліятэкар УА “Навамышскі ДПЛ СВ”.