Наверх

У Баранавічах пакажуць спектакль па п’есе сучаснага беларускага пісьменніка Віктара Марціновіча

14.02.2018 495 Наш край

Пастаноўку «Кар’ера доктара Рауса» у выкананні Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі пакажуць у БарДУ 27 лютага, паведамілі «Нашаму краю» супрацоўнікі Баранавіцкага дзяржаўнага універсітэта.

«Кар’ера доктара Рауса» – гісторыя чалавека, якi нарадзiўся значна раней сваёй эпохi. І імя яго – Францыск Скарына, расказвае пра спектакль сайт тэатра беларускай драматургіі.

– Людзi, якiя нарадзiлiся раней сваёй эпохi. Што мы ведаем пра iх? Сухія гістарычныя факты, даты і лічбы, партрэты ў падручніках. Ведаем iх дасягненні, якія сёння для нас натуральныя і незаўважныя. Але мы наўрад ці задумваемся аб тым, як такія людзі жылі, што адчувалі, як да іх ставіліся навакольныя i чаго iм каштавала апантанасць сваімі ідэямі, якая змяняла жыццё ўсяго чалавецтва, – уводзіць у курс пастаноўкі сайт тэатра.

Спектаклі па п’есах Віктара Марціновіча раней ставіў венскі тэатр Ganymed. «Кар’ера доктара Рауса» – першая пастаноўка пісьменніка і журналіста ў Беларусі. Упершыню яе паказалі вясной мінулага года.

З гэтай п’есай Віктар Марціновіч стаў пераможцам конкурсу маладых драматургаў на тэму жыцця Францыска Скарыны. Конкурс праводзіўся у 2016 годзе тэатрам беларускай драматургіі і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі пад эгідай «Беларусбанка».

Квіткі можна набыць па нумару 8-029-855-09-97 (Юлія). Кошт квіткоў 5-6 рублёў. Спектакль пачнецца ў 18.00.

Вольга ШУМАНСКАЯ.



  • Мы в социальных сетях: