Наверх

У цэнтральнай бібліятэцы горада Баранавічы адбылася сустрэча-прэзентацыя “Дванаццаць пар вачэй” з Масака Тацумі

17.03.2023 247 Наш край

masaka-tatsumi.jpg

16 сакавіка ў сектары літаратуры на замежных мовах цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя В. Таўлая адбылася сустрэча з Масака Тацумі – стваральніцай і кіраўніком Інфармацыйнага цэнтра японскай культуры ў Мінску. Шмат гадоў таму яна прыехала ў Мінск, каб вывучаць рускую мову. Палюбіла наш край, людзей і засталася тут да гэтага часу.

На сустрэчы госця прэзентавала кнігу “Дванаццаць пар вачэй” знакамітай японскай пісьменніцы Сакаэ Цубоі. Кніга складаецца з пяці апавяданняў і адной аповесці. Усе яны аб’яднаны адным сюжэтам і распавядаюць чытачу аб маладой настаўніцы, якая прыехала на працу ў маленькую вясковую школу. Ёй дастаецца першы клас, у якім 12 хлопчыкаў і дзяўчынак. Сюжэт кнігі ахоплівае амаль дванаццаць гадоў і распавядае аб лёсах настаўніцы і кожнага з дзяцей. Найцікавейшым чынам апісаны культура і традыцыі японскага грамадства. Некаторыя з іх здзіўляюць беларускага чытача, некаторыя нават здаюцца занадта жорсткімі… Маляўніча апісана прырода маленькага японскага вострава Сёдасіма, што знаходзіцца ва Унутраным Японскім моры.  

Па кнізе зняты фільмы, створаны коміксы, пастаўлены мюзікл. З усім гэтым Масака Тацумі пазнаёміла гасцей мерапрыемства. Адбыўся прагляд самых цікавых і кранальных урыўкаў з апошняга знятага па кнізе фільма, які Масака-сан сама перакладала гледачам. Гэтыя ўрыўкі далі разуменне таго, якія традыцыі і звычаі панавалі ў японскім грамадстве ўсяго толькі 80-100 гадоў таму.

masaka-tatsumi-1.jpg

У фінальнай частцы мерапрыемства Масака Тацумі правяла майстар-клас па стварэнні ракушкі-арыгамі. Усе без выключэння ўдзельнікі мерапрыемства змайстравалі для сябе папяровыя ракушкі і атрымалі памятны надпіс – сваё імя, напісанае на японскай мове. 

Мерапрыемства з Масака Тацумі ў цэнтральнай бібліятэцы г. Баранавічы ўжо не першае, і мы вельмі спадзяёмся на далейшыя сустрэчы. З нецярплівасцю будзем чакаць новых прэзентацый і цікавых пазнавальных сустрэч. 

Аляксандра Купрыянава, бібліятэкар ІІ катэгорыі ЦГБ імя В. Таўлая

Фота: Вольга Якубовіч, бібліятэкар І катэгорыі ЦГБ імя В. Таўлая




  • Мы в социальных сетях: