У цэнтральнай бібліятэцы ў межах літаратурна-краязнаўчага партнёрскага праекта “Літаратурныя пятніцы ў “Таўлаеўцы” 13 мая адбылася прэзентацыя другога па ліку калектыўнага зборніка “Купальскія зоры”, у якім змешчаны выбраныя творы таленавітых землякоў, аб’яднаных у аднайменную літаратурна-творчую суполку. Сустрэча прайшла на адным дыханні і стала, без перабольшвання, сапраўдным інтэлектуальным святам для прысутных. “Зорны” дэсант з удзельнікаў “Купальскіх зораў” прадставіў вынікі сваёй творчасці. Затаіўшы дыханне, слухалі прысутныя – навучэнцы тэхналагічнага каледжа, гараджане – урыўкі з прадстаўленых у зборніку твораў Таццяны Яцук, Мікалая Зайцава, Анатоля Хвайніцкага, Аляксандра Міхана, Таццяны Смаляк, Юрыя Мазалевіча, Галіны Сокал, Наталлі Несцярук, Алеся Белага, Пятра Лаўрова; песні на вершы “зораўцаў” выканалі Галіна Бабонава і Вольга Скіпар.
Бібліятэчныя спецыялісты “Таўлаеўкі” выказваюць словы шчырай падзякі Таццяне Мікалаеўне Яцук, натхняльніку і кіраўніку “Купальскіх зораў”, паэту, члену Саюза пісьменнікаў Беларусі, удзельнікам і сябрам літаратурна-творчай суполкі за падараванае чытачам свята прыгожага мастацкага слова. Няхай і зборнікі, і асобнікі “зораўцаў” выходзяць у друк як мага часцей і радуюць чытачоў сваёй сардэчнасцю, шчырасцю і душэўнасцю!
