Больш за палову стагоддзя выдаецца ў Беларусі грамадска-палітычны, навукова-папулярны ілюстраваны экалагічны часопіс «Родная прырода». На яго старонках зацікаўлены чытач заўсёды знойдзе цікавыя артыкулы пра прыродныя багацці краіны, матэрыялы прыродаахоўнага зместу. Сапраўднай «разынкай» аднаго са старэйшых айчынных перыядычных выданняў, без сумнення, з’яўляюцца фотагалерэі з выявамі родных краявідаў, здымкаў жывёльнага і расліннага свету ад прафесіяналаў і фотааматараў, што друкуюцца на старонках «Роднай прыроды» штомесяц.
І надзвычай важная дэталь: для дзяцей і педагогаў прапануецца цікавы пазнавальны дадатак да «дарослай» «Роднай прыроды» – «Юны натураліст». Своеасаблівы «часопіс у часопісе» ў простай і займальнай форме расказвае школьнікам пра глабальныя экалагічныя праблемы і паказвае магчымыя шляхі іх вырашэння.
Сустрэча юных чытачоў – чацвёртакласнікаў СШ № 9 з супрацоўнікам часопіса адбылася ў цэнтральнай бібліятэцы горада 14 кастрычніка. Галоўны рэдактар «Роднай прыроды» Александрына Паршына расказала маленькім чытачам з СШ № 9 аб перыядычным выданні, прапанавала шэраг інтэрактыўных інтэлектуальных актыўнасцей прыродазнаўчага кшталту. Яскравую паралель ад свету прыроды да знамянальнай для краіны даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – правяла віктарына аб ролі прадстаўнікоў жывёльнага свету ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Напрыканцы сустрэчы самыя актыўныя ўдзельнікі атрымалі прызы ад выдавецтва.
Бібліятэчныя спецыялісты ў сваю чаргу падрыхтавалі выставу аднаго часопіса «Старонкі «Роднай прыроды». Экспазіцыя дазваляе прасачыць дынаміку змен у інфармацыйным напаўненні і эстэтыцы афармлення перыядычнага выдання за многія гады.
Сустрэча з прадстаўнікамі выдавецтва стала важнай падзеяй у шэрагу сацыякультурных мерапрыемстваў, накіраваных на экалагічнае інфармаванне і выхаванне падрастаючага пакалення.
Іна Рушніцкая, загадчык аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці ЦГБ імя В. Таўлая
Фота Алены Альпяровіч, ЦГБ імя В. Таўлая