Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь бібліятэчнымі спецыялістамі цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы г. Баранавічы створаны новы віртуальны рэсурс.
Літаратурна-краязнаўчая старонка «Галасы землякоў» на бібліятэчным вэб-сайце папоўнілася аўдыявыпускам «У сэрцы з Радзімай». Гэта ўжо другі па ліку агучаны зборнік літаратурных твораў патрыятычнага характару, які стаў магчымым дзякуючы наладжанаму цеснаму супрацоўніцтву з таленавітымі баранавіцкімі літаратарамі. У іх выкананні гучаць вершаваныя і празаічныя творы, прысвечаныя Беларусі, яе гераічнаму мінуламу і мужным людзям, якімі ганарыцца краіна, стваральнай мірнай працы беларускага народа і яго дасягненням, прыгожым краявідам і марам беларусаў аб светлай будучыні.
Своеасаблівым прызнаннем у любові да роднага краю гучаць творы ў выкананні Таццяны Яцук, Аляксея Белага, Міхаіла Стрыжова, Галіны Ліс, Раісы Раманчук і яшчэ дзесяці прадстаўнікоў кагорты таленавітых паэтаў і пісьменнікаў баранавіцкай зямлі.
Аўдыязборнік «У сэрцы з Радзімай» прадстаўлены на краязнаўчай старонцы бібліятэчнага вэб-сайта і з’яўляецца рэсурсам адкрытага доступу.
Іна РУШНIЦКАЯ, загадчык сектара ЦГБ імя В. Таўлая