16 мая ў філіяле № 2 «Гарадская дзіцячая бібліятэка» адбылася прэзентацыя друкаванай кнігі ілюстрацый «Беларускія народныя казкі» навучэнцаў студыі Ірыны Літвінюк. У стварэнні кніжачкі прынялі ўдзел 20 таленавітых дзяцей ва ўзросце ад 5 да 13 год. Хлопчыкі і дзяўчынкі прадставілі ілюстрацыі да казак, знаёмых усім нам з дзяцінства, – «Зайкава хатка», «Залаты птах», «Верабей і мыш», «Лёгкі хлеб», «Пшанічны каласок», «Чаму барсук і лісіца ў норах жывуць», «Дзяцел, лісіца і варона», «Пых» і іншыя. У свеце казак жывуць незвычайныя героі, там ажываюць расліны, умеюць размаўляць жывёлы, а дабро заўсёды перамагае зло. Не дзіўна, што іх любяць і дзеці, і дарослыя. Дзіцячы погляд на народную казку праз гэтую замалёўку – цудоўны і незвычайны: з аднаго боку – па-дзіцячы наіўны, але з другога – не па гадах мудры.
Па словах кіраўніка студыі, наша ідэя тэмы кніжачкі – гэта гісторыя пра творчасць, маляванне і сувязь дзяцей з наваколлем, людзьмі, прыродай, жывёламі праз чытанне і народнае мастацтва. Гэта дзявятае выданне студыі Ірыны Літвінюк, і спадзяемся, што кніжачка палюбіцца не толькі дзецям, але і дарослым, надоўга пакіне цяпло ў душах. Для ўдзельнікаў сустрэчы супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі тэатралізаваную замалёўку па матывах казкі «Лёгкі хлеб». Мерапрыемства ўпрыгожылі музычныя нумары ў выкананні выхаванцаў дзіцячай музычнай школы мастацтваў.
Завяршылася сустрэча ўзнагароджваннем лепшых ілюстратараў граматамі і кнігамі, якія праілюстравалі самі юныя мастакі. Жадаем юным мастакам заўсёды імкнуцца наперад, да новых дасягненняў, да новых поспехаў, да новых работ.
Алена РОБАК, загадчык філіяла № 2 «Гарадская дзіцячая бібліятэка»