Дзень 23 красавіка стаў асаблівым для баранавіцкіх аматараў беларускага мастацкага слова і запоўніўся цікавымі “жывымі” стасункамі адразу з трыма выбітнымі беларускімі пісьменнікамі.
Сустрэчы з Алесем Мікалаевічам Карлюкевічам, старшынёй Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўніком нацыянальнага выдавецтва “Беларусь”, пісьменнікам, вядомым грамадскім дзеячам, які ў бягучым годзе ўжо другі раз наведвае галоўную кніжніцу Баранавіч, заўсёды нясуць нашым землякам сапраўдныя адкрыцці гэтага неардынарнага, шматграннага таленавітага чалавека. Шаноўны госць прадставіў дэтальны агляд навінак выдавецтва, засяродзіў увагу прысутных на асобных выданнях, распавёў пра планы на будучае.
Доўгачаканы шаноўны госць баранавіцкай чытацкай публікі – Людміла Іванаўна Рублеўская, вядомая беларуская пісьменніца – празаік, паэт, літаратурны крытык, драматург, перакладчык, журналіст, аўтар твораў для дарослых і дзяцей. Яе творы – не толькі сапраўдны ўзор дасканалай, граматнай, нават узорнай, прыгожай роднай мовы, але і паказчык вельмі шырокага кругагляду, паколькі ў творах Людмілы Рублеўскай гарманічна і віртуозна пераплятаюцца не толькі глыбокае веданне гісторыі Беларусі ў кантэксце гісторыі агульнаеўрапейскай, нават сусветнай, але і веды з галін мова- і мастацтвазнаўства, архітэктуры, медыцыны, нават асноў ваеннай навукі і шмат іншага.
У 2019 годзе Людміла Рублеўская адкрыла чытачам новы бок свайго таленту. Яна выступіла аўтарам навучальнага дапаможніка “Белорусский с Людмилой Рублевской. Ночи на Плебанских мельницах”, праз пэўны час выйшла другая кніга серыі – “Старосветские мифы города Б”, якія аўтар стварыла, выкарыстоўваючы метад вывучэння мовы Іллі Франка.
Людміла Іванаўна распавяла пра цікавыя выпадкі са сваёй пісьменніцкай практыкі, прыадкрыла перад баранавіцкімі чытачамі некаторыя малавядомыя старонкі свайго жыцця і творчасці, дэтальна і шчыра адказала на шматлікія пытанні прысутных.

Госцем філіяла № 2 “ГДБ” – дзіцячай бібліятэкі на вуліцы Камсамольскай – сёння стала Кацярына Хадасевіч-Лісавая, аўтар дзіцячых кніг. Іх вылучае з агульнага шэрагу сучасны падыход і інтэлектуальна-гульнявы складнік. Цікавасць да сваіх твораў пісьменніца падтрымлівае дзякуючы элементам дапоўненай рэальнасці, якія граматна і вельмі дарэчы яна выкарыстоўвае ў сваёй працы.
Сустрэчы з выбітнымі беларускімі аўтарамі сталі сапраўдным інтэлектуальным святам і пакінулі ў сэрцах аматараў якаснай беларускай літаратуры незабыўны светлы след, адчуванне дотыку душы да шчымліва-тонкіх струн бясконца паважлівых адносін да роднага беларускага слова, да нацыянальнай літаратуры.
Чакаем новых сустрэч!
Іна РУШНІЦКАЯ, загадчык аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці ЦГБ імя В. П. Таўлая
Фота Кацярыны РАМАНЮК, бібліятэкара І кат. ЦГБ імя В. П. Таўлая