Абрад “На парозе новага жыцця” з элементамі традыцыйнага вяселля, прысвечаны дыяментаваму вяселлю (60 гадоў разам), адбыўся ў раённым Цэнтры рамёстваў у аграгарадку Русіно.
Шмат абрадаў засталося нам ад продкаў са старажытных часоў. Вось і для сям’і Леаніда Давыдавіча і Фаіны Дзмітрыеўны Глаз гэтыя традыцыі не страцілі сваёй актуальнасці.
У юбіляраў двое дзяцей – дачка Таццяна і сын Андрэй. У кожнага з іх свае сем’і, у якіх таксама па двое дзетак! Ёсць унукі і нават праўнукі, а самаму маленькаму – Міхаілу – два з паловай гады. Таму на свяце прысутнічалі ўсе пакаленні.
– Было вельмі прыемна глядзець на гэтую сям’ю, якая годна вытрымала 60-гадовае выпрабаванне часам. Яны – прыклад для тых маладых пар, якія толькі збіраюцца ўзяць шлюб, прыклад трываласці сямейных адносін, узаемапавагі, шчырасці і кахання, – адзначыла загадчык раённага Цэнтра рамёстваў Мілана Проніна.
Ля ганку маладых сустракаў фальклорны калектыў “Мілавідчане” з “Вясельнай” песняй. У аснову тэатралізаванага дзеяння былі пакладзены традыцыі Баранавіцкага раёна. Ганак дома абрадаў таксама святочна прыбралі, расчынілі дзверы. У доме пару і гасцей сустракала традыцыйнае ўбранне сялянскай хаты: посцілкі, куфар, кросны, запаленая печ, лубка з зернем, мёд і грамнічная свечка.
Гаспадынькі сустрэлі маладых хлебам-соллю, павязалі ім рукі чырвоным поясам і запрасілі прайсці у чырвоны кут, дзе па традыцыі і павінны сядзець маладыя ў час свята. А вось пасля традыцыйных абрадаў гасцям прыйшлося прайсці шэраг выпрабаванняў: маладыя гаспадары вязалі венікі для лазні, а гаспадынькі навобмацак адгадвалі, якія крупы знаходзяцца ў палатняных торбачках. А самі дыяментавыя маладыя малолі зерне ў сапраўдных жорнах!
Не абышлося вяселле і без лялечнага тэатра “Батлейка” з пастаноўкай казкі, якая існуе толькі ў Баранавіцкім раёне, – “Шлюбная сукенка”.
Напрыканцы гаспадыні падарылі маладым традыцыйныя сямейныя абярэгі: ляльку Неразлучнікаў – абярэг сямейнага шчасця, а таксама “Мяшочак шчасця”, дзе кожная лялька ўвасабляе сабой адну частку шчасця, якое не можа існаваць без другой.
Заключным і галоўным момантам мерапрыемства стаў чын падзелу вясельнага каравая. А сумеснае фота ў традыцыйным афармленні – гэта яшчэ адзін падарунак ад раённага Цэнтра рамёстваў.
Баранавіцкі раённы цэнтр рамёстваў