Ужо не адно дзесяцігоддзе асоба Еўфрасінні Полацкай прыцягвае ўвагу людзей сферы культуры. Мастакі, літаратары, кампазітары прысвячаюць славутай палачанцы свае творы. Магчымасць убачыць апякунку Беларусі вачыма прадстаўнікоў выяўленчага мастацтва прапанавалі ўдзельнікі VIII Міжнароднага мастацкага пленэру «Святость земли Белорусской», прысвечанага 850-годдзю з дня смерці прападобнай Еўфрасінні Полацкай.
Упершыню праект быў прэзентаваны 31 кастрычніка 2023 г. у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь у рамках Года міру і стварэння. На працягу двух гадоў выстава вандруе па гарадах Беларусі.
15 жніўня 2025 года прэзентацыя рэспубліканскай выставы адбылася ў сценах Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя В. Таўлая. Тры тыдні жыхары нашага горада мелі цудоўную магчымасць паглыбіцца ў атмасферу веры і духоўнасці, успомніць пра святыя справы легендарнай палачанкі.
7 верасня ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы адбылося ўрачыстае закрыццё выставы. Акунуцца ў атмасферу мінулых стагоддзяў гасцям мерапрыемтва дапамог народны ансамбль старадаўняй музыкі «Кантрданс» настаўнікаў Баранавіцкай дзіцячай музычнай школы № 3 пад кіраўніцтвам Андрэя Канстанцінава.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў сустрэчы звярнуліся клірык Свята-Пакроўскага сабора, протадыякан Андрэй Гарбуноў і старшыня Баранавіцкай гарадской арганізацыі Беларускага прафесіянальнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Ксенія Лазюк.
Шчыра і пранікнёна гучала духоўная паэзія ў выкананні паэткі, члена Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў Ларысы Антонавай.
Урачыстае мерапрыемства наведалі навучэнцы нядзельнай школы прыхода храма Святога Благавернага Князя Аляксандра Неўскага, студэнты Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, гараджане, чытачы і госці бібліятэкі.
Надзея КIПЕЛЬ, загадчык аддзела галіновай літаратуры ЦГБ імя В. Таўлая
Фота Вольгі ТУГАВАЙ