Наверх

Творчы вечар памяці трох баранавіцкіх паэтаў адбыўся ў Баранавіцкім раёне

11.09.2023 1023 Наш край

«Святло іх зорак шлях нам асвячае» – менавіта пад такой сімвалічнай назвай прайшоў вечар ушанавання памяці трох творцаў, сыноў беларускай зямлі, чый жыццёвы шлях тым ці іным чынам звязаны з Баранавіцкім краем: Алеся Корнева, Юрыя Мацюшкі і Міколы Бусько.
vecher-pamyaty-poety-1.jpg
Мерапрыемства, якое было сумесна арганізавана літаратурна-музычнай гасцеўняй «Крыніца» (кіраўнік Раіса Раманчук) і цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Яна Чачота, сабрала не толькі прыхільнікаў сучаснай беларускай літаратуры на чале са старшынёй Брэсцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццянай Дземідовіч, але таксама родных творцам людзей і тых, хто быў знаёмы з майстрамі слова асабіста. 
vecher-pamyaty-poety-2.jpg
Трэба адзначыць, што гэтая сустрэча – невыпадковая. Справа ў тым, што ў 2022 годзе ў сценах ЦРБ ім. Яна Чачота прайшлі першыя Корнеўскія чытанні. І менавіта тады вырашылі працягваць гэтую традыцыю штогод.
vecher-pamyaty-poety-4.jpg
Ад таго, што ў зале сабраліся блізкія па духу, светаадчуванні і адносінах да літаратурнага слова людзі, сустрэча была прасякнута той шчырасцю і сардэчнасцю, якая была ўласціва і самім творцам. Падчас вечара прагучала шмат вершаў – лірычных, пяшчотных, нямала песень – мілагучных, кранаючых душу, многа успамінаў – удзячных, цеплых. Не абышлося і без падарункаў. Сын Юрыя Мацюшкі Сяргей падараваў бібліятэцы зборнікі твораў свайго знакамітага бацькі. Яны займуць сваё пачэснае месца сярод выданняў іншых паэтаў-землякоў.
vecher-pamyaty-poety-5.jpg
Аддаць даніну павагі творцам, якіх ужо, на жаль, няма з намі, падзяліцца з прысутнымі і сваімі ўспамінамі аб іх, і часцінкай свайго таленту прыйшлі ўдзельнікі народнага вакальнага ансамбля «Primavera» (кіраўнік Чарняк Т.М.), паэтычнага клуба «Ліра» (кіраўнік Ліс Г.І.), народнага тэатра-студыі аўтарскай і бардаўскай песні і паэзіі «Ваганты» (кіраўнік Майсейчык Е.А.) і іншыя сябры і калегі па пяру.

Алесь Корнеў, Юрый Мацюшка, Мікола Бусько… Гэтыя людзі пражылі яскравае і поўнае творчасці жыццё. Іх імены – у летапісе беларускай літаратуры. І сёння святло іх зорак і таленту асвячае жыццёвы шлях не толькі іх родных і сяброў, але і ўсіх тых, для каго сучасная беларуская літаратура –цэлы пласт культурнай спадчыны нашага народу.

Святлана КРОПАТАВА, загадчык аддзела выдавецкай дзейнасці ЦРБ ім. Яна Чачота

Фота прадастаўлены бібліятэкай




  • Мы в социальных сетях: