У філіяле № 2 «Гарадская дзіцячая бібліятэка» прайшла творчая сустрэча з паэтэсай, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, а таксама кіраўніком літаратурнага аб’яднання «Купальскія зоры» Таццянай Яцук.
Таццяна Мікалаеўна Яцук з’яўляецца аўтарам некалькіх кніг для маленькіх чытачоў. У 2022 годзе паэтэса стала лаўрэатам галоўнага літаратурнага спаборніцтва Гродзеншчыны – IV абласнога конкурсу рукапісаў імя Цёткі (Алаізы Пашкевіч) у намінацыі «Паэзія».
Аўтарка сустрэлася з вучнямі 3-га класа гімназіі № 5. Дзеці пачулі новыя вершы, паўдзельнічалі ў цікавай, вясёлай праграме, атрымалі салодкія прызы і добрыя эмоцыі. Самыя актыўныя ўдзельнікі мерапрыемства, адказваючы на пытанні аўтара, атрымалі кнігі з аўтографам у падарунак. Сустрэча прайшла ў дзіўнай цёплай атмасферы. Напрыканцы жадаючыя маглі набыць кнігу з аўтографам аўтара і зрабіць фотаздымак на памяць. У падарунак бібліятэка атрымала аўтарскі зборнік вершаў «Споведзь чыстаму лісту».
Усе прысутныя пераканаліся ў тым, што Таццяна Мікалаеўна – цікавы суразмоўца і апавядальнік, а яе паэтычны талент – сапраўднае ўпрыгожанне сучаснай беларускай літаратуры. Спадзяемся, што гэтая сустрэча надоўга застанецца ў памяці юных чытачоў і яны працягнуць знаёмства з кнігамі аўтара.
Алена РОБАК, загадчык філіяла № 2 «Гарадская дзіцячая бібліятэка»