Наверх

Ці то свінні, ці то людзі…

26.10.2013 445 Наш край

Цудоўны падарунак атрымалі гэтай восенню баранавіцкія аматары тэатральнага мастацтва. Ім стаў прэм’ерны паказ спектакля «Свінячыя выбрыкі», пастаўлены народным самадзейным тэатрам «Эксперымент» гарадскога Дома культуры па аднайменнай п’есе сучаснага беларускага драматурга Аляксандра Богдана.

– Аб гэтай п’есе ўпершыню я даведаўся ў 2008 годзе, калі падчас правядзення фестывалю «Тэатральнае Палессе» сустрэўся з вядомым беларускім рэжысёрам Уладзімірам Сусько, – расказаў рэжысёр народнага тэатра «Эксперымент» Яўген Рэкеш. – Уладзімір – блізкі знаёмы драматурга Аляксандра Богдана. Ён і расказаў, што ў гэтага драматурга ёсць вельмі цікавая п’еса. Хутка пасля размовы з Уладзімірам у мяне з’явілася ідэя паставіць спектакль па матывах п’есы «Свінячыя выбрыкі».

Аднак ад задумкі да ажыццяўлення шлях атрымаўся доўгім. У першую чаргу таму, што знайсці тэкст п’есы аказалася нялёгкай задачай. Патрабавалася нават дапамога абласнога культурнага цэнтра. Дзякуючы вядучаму метадысту цэнтра Вользе Зіновіч, Яўгену Рэкешу ўдалося звязацца з аўтарам «Свінячых выбрыкаў» і атрымаць ад яго і тэкст, і згоду на пастаноўку.

Шчыра кажучы, спектакль быў гатовы яшчэ ў маі гэтага года, тады ж планаваўся яго прэм’ерны паказ. Аднак карэктывы ўнёс той факт, што «Эксперымент» – аматарскі тэатр. Гэта значыць, большасць яго ўдзельнікаў – не прафесійныя акцёры, а проста людзі, улюблёныя ў тэатр. Некаторыя з занятых у пастанове не змаглі трапіць на запланаваную на май прэм’еру, таму гледачы ўбачылі спектакль толькі восенню.

П’еса «Свінячыя выбрыкі» стала другой работай для дарослых тэатра «Эксперымент» у цяперашнім яго выглядзе і пад кіраўніцтвам Яўгена Рэкеша: большасць ранейшых творчых работ былі накіраваны на дзіцячую аўдыторыю. Першы спектакль, разлічаны на дарослую публіку, – музычны спектакль «Ніхто не бачыў, як Купала плача», выкананую па матывах музычнай драмы Міхася Чарота «На Купалле», – выйшаў на шырокую сцэну ў мінулым годзе. Пастаноўка прайшла з поспехам. І вось яшчэ адна прэм’ера спектакля для дарослых.

Гледачы – а тых, хто вырашыў правесці восеньскі вечар у гасцях у Мельпамены, знайшлося нямала – ужо па назве маглі зразумець: пастаноўка нейкім чынам будзе датычыцца хатніх жывел з ружовымі лычыкамі і тлустымі бачкамі. Аднак да таго, што як толькі адчыніцца заслона, гледачы трапяць у хлеў са свіннямі, былі гатовы толькі тыя адзінкі, што ведалі тэкст п’есы.

Але ці сапраўдны хлеў убачылі гледачы? Па меры таго, як галоўныя героі п’есы – парсюкі Лупаты (у выкананні Яўгена Рэкеша) і Рабы (Арцём Бадак) дзяліліся з гледачамі сваімі думкамі і марамі, узнікала ўпэўненасць, што на самой справе мы назіраем за разважаннямі пра жыццё людзей, прычым не абы якіх, а вельмі нават разумных, сур’ёзных, якія думаюць пра галоўныя чалавечыя каштоўнасці. І наадварот: калі на сцэне з’яўляліся Гаспадар (Барыс Андрыёнак) і Гаспадыня (Дар’я Галаўко), міжволі ўзнікала думка: не, гэта не людзі, хутчэй карыкатура на ўвесь людскі род. Сквапнасць, п’янства, пошасць, знявага ўсіх і кожнага – ці такімі павінны быць людзі, ці для гэтага мы нарадзіліся на белы свет? Востры сацыяльны падтэкст спектакля прымусіў кожнага гледача задумацца пра адвечныя чалавечыя каштоўнасці, а ў галоўных героях дзеі пазнаць сваіх знаёмых, родных і …сябе?

Не магу не адзначыць вельмі натхнёную і шчырую ігру акцёраў. Некалькі разоў спыняла сябе на думцы, што, каб не ведала, што частка артыстаў – аматары, ні за што пра гэта не здагадалася б. А між тым Дзяніс Пузінас, які цудоўна пераўтварыўся ў парсюка Чырыка, на вялікай сцэне быў першы раз у жыцці. Не з’яўляюцца прафесійнымі акцёрамі Барыс Андрыёнак і Дар’я Галаўко. Ірына Карповіч (самачка Маша) і Дар’я Фандзеева (самачка Глаша), хоць і маюць непасрэднае дачыненне да культуры, аднак прафесійнымі актрысамі таксама не з’яўляюцца. І ўсё ж іх дзіўны танец-мара стаў яркім штрыхом у агульным палатне спектакля.

Асобна трэба сказать пра акцёрскую работу Яўгена Рэкеша і Арцёма Бадака. Выкананыя імі персанажы былі настолькі жывымі і зразумелымі, што з першых хвілін захапілі гледачоў, прымусілі ўважліва назіраць за перыпетыямі жыцця Лупатага і Рабога, шчыра ім суперажываць.

Не будзе перабольшаннем сказаць, што п’еса не была б такой яркай і самабытнай, каб не музыка. Менавіта яна настройвала гледача на разважанні, прыцягвала ўвагу, выступаючы як дзеючая асоба. За музычны матэрыял мы павінны быць удзячны кампазітару, музычнаму кіраўніку тэатра «Эксперымент» Фёдару Жыляку. Таленавіты баранавіцкі музыка змог адчуць сутнасць п’есы і перакласці гэтае адчуванне ў гукі і акорды.

Вялікі ўклад у тое, каб спектакль спадабаўся гледачам, унеслі і другія таленавітыя людзі. Пластычнае вырашэнне пастановы прапанавала харэограф Алена Івановіч, сцэнаграфію распрацавала Аксана Быліч, прафесійнае гучанне музычнага матэрыяла забяспечылі Вячаслаў Банкевіч і Дамір Шайхітдзінаў, за святло адказваў Вячаслаў Жыгар.

– Асобная падзяка ад калектыва тэатра дырэктару гарадскога Дома культуры Уладзіміру Станевічу, – гаворыць Яўген Рэкеш. – Дзякуем за тое, што ён з разуменнем адносіцца да творчай працы нашага калектыва, падтрымлівае нашы задумкі.

Ну а мы, гледачы, будзем чакаць новых сустрэч з таленавітымі баранавіцкімі артыстамі.



  • Мы в социальных сетях: