Вехі біяграфіі цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя В. П. Таўлая цесна звязаны з савецкім перыядам гісторыі нашага горада, які, як вядома, пачаўся з верасня 1939. Снежнем таго ж года пазначана адкрыццё Баранавіцкай абласной бібліятэкі. Яна фарміравалася, узбагачала кніжныя фонды, выхоўвала ў грамадзян імкненне да асветы, умацоўвала матэрыяльную базу.
Крыху гісторыі
Вядома ж, за гэтымі працэсамі стаялі канкрэтныя асобы, такія як першы дырэктар абласной бібліятэкі Мікалай Бабко, яго паплечнікі Ганна Горбач, Надзея Былінская, Галіна Дзяшкоўская. У пасляваенныя 40-я пачалі сваю працоўную дзейнасць (якая затым працягвалася болей за 40 (!) гадоў) Еўфрасіння Карасёва, Таццяна Карасёва, Клаўдзія Гапановіч, Галіна Чаравань.
У 1950 годзе бібліятэка атрымала прапіску ў самым цэнтры горада: двухпавярховым будынку на вул. Камсамольскай, 4 (зараз на тым месцы ўзвышаецца гасцініца «Гарызонт»). Яшчэ праз амаль два дзесяцігоддзі і супрацоўнікі, і чытачы святкавалі наваселле ў вядомым сёння ўсім гараджанам будынку па вул. Леніна, 51.
У 1954 годзе, у сувязі са скасаваннем Баранавіцкай вобласці, бібліятэка страціла статус абласной, стала цэнтральнай гарадской. Магчыма ў гэтым «абласным» мінулым і схаваны сакрэт пастаяннай накіраванасці цэнтральнай гарадской бібліятэкі на інавацыйныя ідэі і праекты, высокія прафесійныя дасягненні. А іх за гэтыя 75 год набярэцца не адзін дзясятак: пачынаючы з ганаровага звання «Бібліятэка выдатнай работы» (1974 г.) і да спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За дасягненні ў эстэтычным і маральным выхаванні беларускага народа і прапаганду духоўных каштоўнасцей» (1999 г.), а таксама шматлікіх перамог ў рэспубліканскіх і абласных конкурсах. І прысваенне ў 1979 годзе цэнтральнай гарадской бібліятэцы ганаровага імя беларускага паэта Валянціна Таўлая з’явілася прызнаннем заслуг установы.
Не выклікае сумнення вялікі асабісты ўклад у поспехі калектыву дырэктараў, якія ўзначальвалі бібліятэку ў розныя гады: Галіны Манцэвіч (1966-1978), заслужанага дзеяча культуры БССР Міхаіла Мініна (1978-1992), Людмілы Максімовіч (1993-1994, 1997-2008 гг.) і інш. Яркі след у дзейнасці бібліятэкі пакінулі былыя супрацоўнікі Тамара Іванова, Раіса Сямыкіна, Рыма Коцікава, Ніна Агеева, Валянціна Жыдзік,
Людміла Галаўко, Галіна Уласава. Болей за 25 гадоў застаюцца вернымі цэнтральнай бібліятэцы Лілія Шлык, Ірына Дрэкоўская, Вольга Мельнікава, Ірына Чарніенка, Анжаліта Бінько, Валянціна Груда, Рэгіна Сінкевіч.
Новы час – новы шлях развіцця
Надыйшлі 2000-я… Перад калектывам, якім з 2009 года кіруе дырэктар Вольга Аляксеенка, паўсталі надзённыя задачы: асваенне інфармацыйных тэхналогій, абнаўленне форм і метадаў бібліятэчнай работы, распрацоўка новай мадэлі бібліятэчнага абслугоўвання.
Так, з’явіліся аўтаматызаванае абслугоўванне, шматлікія паслугі, аказваемыя з дапамогай камп’ютарнай тэхнікі, аўтаматызаваныя рабочыя месцы для чытачоў, сучасныя арыгінальныя ўкрапленні ў інтэр’еры, новы фармат мерапрыемстваў, нестандартны падыход да афармлення нагляднасці, смелыя прапановы скарыстацца электроннымі дакументамі. Мы прапануем паслугі Цэнтра прававой інфармацыі, каштоўны збор краязнаўчых дакументаў, калекцыю духоўнай літаратуры «Свет праваслаўя», фонд агучанай літаратуры для гараджан з аслабленым зрокам, кнігі для дзяцей малодшага школьнага ўзросту, мастацкія, вучэбныя, краяназнаўчыя выданні на нямецкай, англійскай, турэцкай і іншых мовах.
Бібліятэка з’яўляецца пляцоўкай для арганізацыі інтэлектуальнага адпачынку і разнастайных форм баўлення вольнага часу дарослых і дзяцей: заняткі па вывучэнню замежных моў (англійскай, нямецкай, кітайскай), турніры настольных гульняў, прэзентацыі мастацкіх выставак, конкурсы перакладчыкаў, дэкламатараў, мастакоў, знаўцаў гісторыі роднага краю, майстар-класы па рукадзеллю і яшчэ шмат чаго не менш цікавага.
Даступны наведвальнікам Інтэрнэт, віртуальная даведачная служба «Спытай бібліятэкара», электронны каталог. Штодзённа працуюць бібліятэкары над кантэнтам для сайта www.tavlay-library.by, каб своечасова інфармаваць гараджан аб падзеях у бібліятэчным жыцці.
Адно з апошніх дасягненняў калектыву ЦГБ імя В.П. Таўлая – першае месца па выніках ХХІІ рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры». Гэта перамога падкрэслівае пераемнасць традыцый пакаленняў і дэманструе творчую ініцыятыву сённяшніх супрацоўнікаў. Прафесійнай эрудыцыяй, арыгінальнымі ідэямі валодаюць бібліятэчныя спецыялісты высокага класа Лілія Сяргейчык, Ірына Серафімовіч, Жанна Панамарова, Людміла Крауз, Наталля Станкевіч, Іна Рушніцкая, Лілія Кашыцкая, Яна Янчанка. Руплівай працай ствараюць пазітыўны вобраз бібліятэкі Вольга Журба, Валянціна Кузьміч, Наталля Верамейчык, Алена Бярозка, Алена Савуціна. Творчы крэатыў маладых супрацоўнікаў Надзеі Кіпель, Алены Пасадскай, Марыны Сцяпура, Алены Еўтух, Яўгеніі Крымскай, Вольгі Якубовіч, Алены Старук, Кацярыны Акуліч, Крысціны Клімашэўскай, Юліі Лібік робіць больш разнастайным кола наведвальнікаў бібліятэкі. Дзякуючы ІТ-самародку Івану Кавалёву зладжана працуюць аўтаматызаваныя бібліятэчныя сістэмы і камп’ютарная тэхніка.
Са святам, калегі, са святам, чытачы!