Наверх

Тэрыторыя гонару баранавіцкіх бібліятэкараў заняла пачэснае месца на вэб-сайце цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы горада

14.07.2021 317 Наш край
Скриншот с сайта библиотеки

Інфармацыя займае важнае месца ў жыцці кожнага чалавека. Для публічных бібліятэк акумуляцыя, сістэматызацыя і захаванне інфармацыі ва ўсе часы было і ёсць найважнейшай функцыяй.

Сучасная бібліятэка – гэта не толькі кнігі, часопісы і электронныя дакументы. Гэта цікавыя сацыякультурныя мерапрыемствы на самыя розныя тэмы, сустрэчы з аўтарытэтнымі і неардынарнымі асобамі, маштабныя акцыі і інтэрактыўныя экспазіцыі, цікавыя афлайн- і анлайн-зносіны з карыстальнікамі.

Важныя падзеі прафесіяналам, як і ўсім людзям, хочацца захаваць на памяць. Выбар фарматаў для гэтага сёння вельмі шырокі: у фотаздымках, пастах у сацыяльных сетках, у выглядзе інфармацыі на вэб-сайце і ў СМІ. Разам з тым баранавіцкія бібліятэчныя спецыялісты лічаць надзвычайна важнай справай размяшчаць публікацыі аб сваіх дасягненнях у прафесійных выданнях. На сёння ў Беларусі выдаецца шэраг бібліятэчных часопісаў, якія з’яўляюцца аўтарытэтнымі пляцоўкамі для трансляцыі цікавага вопыту, вядзення дыялогу і дыскусій па прафесійных пытаннях.

Супрацоўнікі аддзела метадычнай і аналітычнай работы цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя В. Таўлая завяршылі стварэнне паўнатэкставага электроннага прэс-дасье аб публічных бібліятэках Баранавічаў у прафесіянальных СМІ. Назва рэсурса – «Тэрыторыя гонару. Бібліятэкі ДУК “ЦБС г. Баранавічы” ў прафесійнай прэсе». Ахоп публікацый, дзякуючы доўгай карпатлівай працы спецыялістаў, саставіў перыяд 1988–2021 гадоў. Цяпер, зайшоўшы на бібліятэчны вэб-сайт, кожны жадаючы можа пагартаць старыя (і сучасныя) часопісы і даведацца пра важныя падзеі з жыцця бібліятэкі. Інфармацыя прадстаўлена на віртуальнай дошцы ў фармаце скан-копій артыкулаў і вокладак перыядычных выданняў, захаваных у PDF-версіі. Большасць аўтараў прадстаўленых матэрыялаў – самі бібліятэкары.

Электроннае прэс-дасье «Тэрыторыя гонару. Бібліятэкі ДУК “ЦБС г. Баранавічы” ў прафесійнай прэсе» плануецца папаўняць па меры выхаду ў прафесійны друк новых матэрыялаў.

Шчыра запрашаем на наш вэб-сайт!

Іна Рушніцкая, загадчык аддзела ЦГБ імя В. Таўлая




  • Мы в социальных сетях: