На свята фальклору “Напевы зямлі маёй” і адкрытую ярмарку рамёстваў у аграгарадок Русіно з’ехаліся спевакі і танцоры, майстры-рамеснікі, гледачы з Баранавіцкага, Ляхавіцкага, Пінскага раёнаў. Такое значнае свята праходзіць у раённым цэнтры рамёстваў ужо восьмы раз.
Ярка і запамінальна адкрылі яго харэаграфічнай замалёўкай “Паслухай, што гавораць рушнікі”, дзе былі прадстаўлены ўнікальныя тварэнні рук народных майстроў розных рэгіёнаў.
– Сёння ва ўсіх прысутных ёсць цудоўная магчымасць дакрануцца да народных традыцый, пачуць беларускі фальклор, разам з майстрамі стварыць прыгожыя вырабы сваімі рукамі на майстар-класах, – адзначыў намеснік старшыні Баранавіцкага райвыканкама Міхаіл Барысевіч. 
І сапраўды, уразіў талент спевакоў, танцораў і гарманістаў, душэўнасць падрыхтаваных нумароў.
З вялікай павагай прадставілі на святочнай сцэне прыпевачніц Вольгу Лук’янчык і Святлану Кашча, музыкантаў Юрыя Усакоўскага і Анатоля Філанчука. Менавіта яны сталі пераможцамі і прывезлі ў раён дыплом І ступені з VII абласнога свята-конкурсу “Грай, гармонік! Звіні, прыпеўка!”.

Госці змаглі пазнаёміцца з народнымі строямі.
Супрацоўнікі раённага цэнтра рамёстваў зрабілі рэканструкцыю баранавіцкага строю і на свяце прадставілі яго. 
Стварылі строй майстры Перхавіцкага цэнтра культуры і народнай творчасці. Кашулю і фартух вышыла Валянціна Прыход, спадніцу выткала Марыя Малахвей. 







Здзівіла разнастайнасць беларускіх страў, якімі частавалі гасцей на кірмашы. Тут і духмяная каўбаска, і блінцы, і гуркі – выбірай на свой густ. 



– Добра, што столікі паставілі на вуліцы, адразу каля тарговага павільёна спажывецкага таварыства, можна пасядзець, адпачнуць, – дзеліцца ўражаннем Святлана. – Мы на свята ўсёй сям’ёй прыехалі з горада Баранавічы. Нам вельмі спадабалася. Захапіў і кірмаш рамёстваў, і цікавыя выставы.
Дзеці з задавальненнем малявалі, фатаграфаваліся ў спецыяльна арганізаваных зонах і атрымлівалі падарункі за адказы на пытанні бібліятэкараў. 



Дарослых зацікавіла латарэя без пройгрышу, продаж вырабаў з дрэва, саломы. 
Усе жадаючыя маглі ўзяць удзел у майстар-класе па кузнечнай справе. 
Так, з любоўю да сваёй зямлі, песні матчынай, мовы беларускай спявалі, танчылі, адпачывалі ў аграгарадку Русіно.
Таццяна Карпік.
Фота i вiдэа аўтара.