Родная вёска – тая аснова, з якой пачынаецца першы крок у вялікае жыццё, першае слова, якое прыйшло ад маці, першая ўсмешка, якая не толькі сагравае, але і дорыць веру ў будучае.
…Перхавічы адносяцца да Палонкаўскага сельвыканкама, гэты населены пункт размешчаны на паўночным захадзе за 32 кіламетры ад горада Баранавічы.
Па адной з версій, назва вёскі ўтварылася ад слова «перхаць», што азначае кашляць. Існуе і такое меркаванне, што падставай для назвы вёскі паслужыла прозвішча Пархановіч, якое з’яўляецца найбольш распаўсюджаным. Менавіта Пархавічы – першапачатковая назва вёскі.
Час узнікнення паселішча дакладна невядомы. Першыя звесткі аб ім адносяцца да 1599 года, калі Перхавічы ўваходзілі ў склад маёнтка Люшнева, якім валодалі паны Сапегі. Другі ўспамін звязаны з падзеямі 1812 года. У час Айчыннай вайны 1812 года французы спалілі хутары, бо дарога, па якой праязджалі войскі, значылася на картах дарог ваеннага значэння. У 1890-х гадах у вёсцы пабудавалі цагельны завод, які праіснаваў да 1947 года.
На сённяшні дзень у вёсцы 72 двары, пражывае 173 чалавекі. Гэта добрыя, працавітыя людзі і вельмі таленавітыя. Менавіта ў Перхавічах можна пачуць песні, якіх не сустрэнеш ні ў адным другім куточку Беларусі. А яшчэ вёска вядома дзякуючы сваім майстрыхам па ткацтве.
…Павіншавала ўсіх са святам старшыня Палонкаўскага сельвыканкама Алена Пляско. Таксама яна падвяла вынікі конкурсу на лепшы падворак. Так, лепшымі гаспадынямі сталі Iрына Варабей, Вера Кузьміч, Галіна Хмарык.
Па традыцыі павіншавалі самага маленькага і самага дарослага жыхара вёскі, шматдзетную сям’ю; сем’і, дзе муж з жонкай разам ідуць па жыцці больш за 30 гадоў, а таксама юбіляраў.
На свяце працавала выстава народнай творчасці, усе жадаючыя маглі пакаштаваць кулінарныя прысмакі. Ну і якое ж свята без песень i танцаў!
Іна ГАНЧАР