З 19 лютага ў бібліятэках Баранавіцкага раёна праходзіць Тыдзень роднай мовы, прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца штогод 21 лютага.
“Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за родную мову”, – пісаў наш песняр Якуб Колас. І гэта сапраўды так. Родная мова – душа народа, калі яна знікае – знікае сам народ. Родную мову трэба любіць і шанаваць, паважаць і не саромецца размаўляць на ёй, берагчы ад забыцця.
На гэтым грунтуюцца і масавыя мерапрыемствы, якія ладзяцца ва ўстановах Баранавіцкай раённай цэнтралізаванай бібляітэчнай сістэмы.
На працягу тыдня праходзяць акцыі “Чытаем беларускую кнігу” (Падгорнаўская СБ), “Ад слова роднага пачатак” (Маўчадская СБ), “Вы яшчэ не чытаеце на беларускай мове – тады мы ідзём да вас” (Маласваротаўская БМ), у час якіх карыстальнікі знаёмяцца з беларускамоўнымі кніжнымі выданнямі як класікаў беларускай літаратуры, так і яе маладых аўтараў не толькі ў сценах бібліятэкі, але і дома.
Дзень роднай мовы “Беларускае слова як выток выхавання” праведзены ў Гарадзішчанскай гарпасялковай бібліятэцы. Падчас мерапрыемства тут прайшла акцыя “Якая наша мова..”. Чытачы пісалі на стыкерах у форме сэрцаў словы, прысвечаныя роднай мове, і размяшчалі іх на карце Беларусі. Гульня “Перакладчык” паказала веданне слоў беларускай мовы, тэматычная выстава “Беларускія стравы” заклікала наведвальнікаў да знаёмства з беларускай кухняй. Жадаючыя атрымлівалі рэцэпты страў.
Дзень роднай мовы “Родная мова – душа народа” правяла і Палонкаўская бібліятэка, бібліятэчны квілт “Родная мова – крыніца натхнення” адбыўся ў Жамчужненскай СБ. Перхавіцкая сельская бібліятэка запрасіла наведвальнікаў на квэст-гульню “Я не проста гуляю словамі”.
Літаратурны круіз “Незабыўныя словы маці як гаючы глыток жыцця…” адбыўся у ЦРБ імя Я.Чачота. Любові да роднага куточка, у якім нарадзіўся, любові да бацькоў і дзядоў, любові да роднай мовы і свайго народа вучылі нас яшчэ ў ХІХ стагоддзі Францішак Багушэвіч і Алаіза Пашкевіч (Цётка), у ХХ – Максім Багдановіч, Янка Купала і Якуб Колас. Нас вучаць і сёння лепшыя прадстаўнікі прыгожага беларускага пісьменства.
Падарожжа ў краіну роднай мовы “Прымаўка ды прыказка – роднай мовы прывязка” здзейснілі юныя чытачы Падгорнаўскай сельскай бібліятэкі. Дзеці з поспехам прайшлі ўсе выпрабаванні на веданне беларускіх прыказак і прымавак, даведаліся пра багацце беларускага фальклору, адчулі каларыт беларускай мовы, трапнасць яе выразаў.
Хвілінкі роднай мовы “Старонкі з моўнай скарбонкі” прыйшліся да спадобы карыстальнікам Маласваротаўскай бібліятэкі музея.
Беларускую мову ўслаўлялі пісьменнікі і паэты – Максім Танк, Пятрусь Броўка, Пімен Панчанка і інш. З іх творамі на пазнавальнай гадзіне “Мова мая, ты жывая крыніца” знаёміліся карыстальнікі Ніжнечэрніхаўскай бібліятэкі-клуба.
Ляснянская сельская бібліятэка падрыхтавала да гэтага свята гульнявую праграму. Падлеткам прапанаваліся цікавыя пытанні віктарыны, падборка мастацкіх кніг на беларускай мове пра іх аднагодкаў.
А яшчэ ў сельскіх бібліятэках аб’яўлены марафон чытання “Сэрцам роднага слова краніся”, вынікі якога будуць падведзены 1 сакавіка. Сярод чытачоў, якія аддаюць перавагу беларускай кнізе, генератарам выпадковых лікаў будзе выбраны пераможца.
Нездарма мы выбралі дэвізам Тыдня роднай мовы словы Міколы Федзюковіча: “Незабыўныя словы маці як гаючы глыток жыцця…”, бо родная мова – гэта матчына мова, да кожнага з нас яна прыходзіць з малаком маці, яе калыханкай, любоўю і пяшчотай.
Тыдзень роднай мовы працягваецца. Мы сардэчна запрашаем у бібліятэкі нашых карыстальнікаў. Усіх тых, хто добра ведае беларускую мову і яе друкаванае слова, і тых, хто толькі адкрывае для сябе яе самабытнасць і прыгажосць.
Спадзяемся, што мерапрыемствы, якія мы прысвяцілі і яшчэ прысвяцім нашай роднай мове, нікога не пакінулі і не пакінуць абыякавымі, і мы змаглі данесці да ўсіх тое асноўнае, што трэба ведаць і любіць “зямлі бацькоўскай слова”!
Любіце, шануйце, паважайце родную мову, размаўляйце на ёй часцей!
Аддзел бібліятэчнага маркетынгу і рэкламы Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Яна Чачота