Наверх

Свіраны славяць песняроў

12.07.2012 504 Наш край

– Паэзія, як і песня, – бессмяротная, бо бруіцца яна з чалавечай душы, выцякае ў свет з сэрца народа, – урачыста гучалі словы прывітання са сцэны Свіранскага СДК падчас літаратурнай сустрэчы ў гонар 130-годдзя з дня нараджэння Я. Купалы і  Я. Коласа.

Раённае свята аб’яднала гарадскіх і вясковых бібліятэкараў, што сабраліся разам, каб узгадаць імёны класікаў, паслухаць вершы, песні. Сапраўды, творчыя людзі сядзелі ў актавай зале: перад уваходам у яе можна было падзівіцца на рукадзельныя вырабы работнікаў бібліятэк. Тут былі карункавыя сурвэткі, кветкі з бісеру і з пластыкавых бутэлек, вышываныя падушкі, саламяныя аплікацыі. Побач – маленькі аркестр, які весяліў прыстуных народнымі мелодыямі. Гармонік, бубен, барабан… Дзяўчаткі ў нацыянальных строях і купальскіх вянках пасля гэтага канцэрту яшчэ і станцавалі на сцэне.

Аповяд пра жыццё-быццё дзядзькі Костуся і летуценніка Янкі павольна перацякаў у вершаваныя радкі ад юных чытальнікаў, межаваўся са «Спадчынай», «Маім родным кутом», «Люблю», пакладзенымі на музыку. Рассмяшыла гледачоў дэкламацыя «Хлопчыка і лётчыка». Свавольнік вельмі ж спяшаўся закончыць выступленне, губляў словы, збіваўся з рытму. Прысутныя агулам дапамагалі яму, падказвалі, а пасля аддзячылі выступоўцу шчырымі апладысментамі. Развесяліў, хлапчына!

Чытанне казкі «Ноч, калі папараць цвіце», прысвечаная Якубам Коласам свайму сучасніку Купалу, зноў нагадала пра тэматыку сустрэчы: «У тую самую ноч, калі зацвітае папараць, пазбіраліся на сходку чараўнікі розных гатункаў. Яны вялі гаворку пра Юнака. Усім спадабалася тое, што Юнак даў сабе імя ночы, калі зацвітае папараць і калі фантастычныя істоты праводзяць свае сходы». Вядома, што Янка нарадзіўся 7 ліпеня, у дзень старажытнага паганскага свята Купалля.

Паэты ўпершыню сустрэліся ў 1913 годзе. Пасля неаднаразова бачыліся, вялі гутаркі аб прачытаных творах, гулялі ў шахматы. Між іншым, нашчадкам засталіся вершы-прысвячэнні песняроў адно аднаму:

Шкадую, дружа Колас,

Што тут цябе няма.

Ясней свяціла б сонца,

Цяплей была б зіма.

Гумарная інсцэніроўка з удзелам сварлівых кабет стала яшчэ адным запамінальным момантам урачыстай праграмы. Актрысы цудоўна справіліся з ролямі! Гэтак жа спраўна спявалі салісты ансамбля народнай песні «Вечарынка» з Палонкі. Тры ўвішныя жанчыны і два малайцаватыя дзецюкі заставілі гасцей гучна пляскаць у ладкі, паўтараць за артыстамі знаёмыя словы папулярных кампазіцый.

Любоў да Бацькаўшчыны, родныя кожнаму беларусу «вобразы мілага краю»  – лейтматыў свята. Прыемна было на гадзінку трапіць у атмасферу свойскую, пазбаўленую будзённай фанабэрыстасці, насычаную нашай самабытнасцю.

– Вершы Я. Купалы і Я. Коласа лёгка пакласці на музыку, яны надоўга застаюцца ў сэрцы. Таму забывацца на іх мы не павінны. Калі будзем помніць нашыя традыцыі, глядзець у будучыню нам стане прасцей. Друкаваная кніга – бадай, самы старажытны скарб, што дастаўся нам ад прашчураў. Яе патрэбна шанаваць, і дзяцей сваіх выхоўваць у любові да яе і да нашых таленавітых землякоў, – закончыў сустрэчу начальнік аддзела культуры С. Вінаград.



  • Мы в социальных сетях: